• Пра Васьміног
  • Бiблiятэка
  • Праекты
  • Падтрымка
  • Блогі
  • Лабараторыя
  • Абвесткі
  • Платформа
  • Пазнавальнае
Menu
  • Пра Васьміног
  • Бiблiятэка
  • Праекты
  • Падтрымка
  • Блогі
  • Лабараторыя
  • Абвесткі
  • Платформа
  • Пазнавальнае
Instagram Telegram-plane Facebook-f

Адказы Васьмінога на найбольш частыя пытанні пра грантавы конкурс

Пасля абвяшчэння конкурса на адукацыйныя праекты на скрыню грант-менеджара “Васьмінога” паступіла мноства пытанняў. Але асноўныя з іх канцэнтруюцца вакол трох блокаў:

  • Хто можа падаваць праект?
  • Які праект падаць?
  • Ці можна падавацца ананімна?

Каманда “Васьмінога” падрыхтавала адказы на гэтыя і іншыя пытанні.

Я хацела б працаваць з людзьмі, якія засталіся ў Беларусі. Але як у вас прадугледжаны разлік з такімі ўдзельнікамі? Вядома, што адкрыта пераслаць на рахунак немагчыма. Часам у людзей няма візы, каб прыехаць забраць грошы. Мне цікава, як пабудавана справаздача па такой сітуацыі і ўвогуле.

“Васьміног”: – Пры заключэнні грантавага кантракта ўсе грашовыя сродкі пералічваюцца на банкаўскі рахунак арганізацыі або на рахунак фізічнай асобы, з якімі заключаны кантракт. Рахункі павінны быць адкрытыя за межамі Рэспублікі Беларусь.

Пытанні разлікаў з удзельнікамі праекта ў Беларусі вырашаюцца ў кожным канкрэтным выпадку ў прыватным парадку. Як правіла, мы не перадаём гранты наяўнымі грашыма. Для вырашэння пытанняў па справаздачнасці мы рэкамендуем уключаць у бюджэт выдаткі на прыезд у Вільнюс. Мы таксама будзем садзейнічаць вырашэнню візавых пытанняў для менеджараў і ключавых удзельнікаў праектаў.

 

Далейшыя разлікі і выдаткі праводзяцца менеджарам праекта і дае справаздачу ён жа. Пры заключэнні грантавага кантракта прадстаўляецца пакет шаблонаў справаздачных дакументаў, якія трэба будзе запаўняць, падпісваць і перадаваць донару. Атрымальнікі грантаў павінны прадумаць максімальна бяспечныя варыянты з перадачай сродкаў калегам, якія працуюць у Беларусі. У выпадку падтрымкі праекту менеджары “Васьмінога” могуць правесці індывідуальныя кансультацыі.

Пытанне ад аўтараў, што жывуць у Беларусі: “Ці магу я напісаць псеўданімы, калі буду падаваць заяўку?”

“Васьміног”: – На этапе падачы заяўкі можна пазначаць псеўданімы, аднак, калі Вашая заяўка пройдзе папярэдні адбор, мы ў прыватным парадку запросім у Вас імёны і CV ключавых выканаўцаў, паколькі гэта важна для ацэнкі патэнцыялу каманды. У любым выпадку асноўная частка каманды не павінна быць ананімнай і прадставіць свае СV. Але мы добра разумеем, што такое прыватнасць, і зробім усё, каб інфармацыя засталася закрытай для шырокага кола.

Я вельмі хачу прыняць удзел. У мяне ёсць ідэі і магчымасць іх рэалізаваць. Ёсць каманда, якую можна падключыць. Але мяне надта хвалюе пытанне публічнасці ў нашыя няпростыя часіны. У апісанні праекта пазначана, што будуць апублікаваныя вынікі праектаў. Хацелася б удакладніць падрабязнасці.

“Васьміног”: – У палажэнні Конкурса згадваецца, што “ўсе вынікі праектаў, якія атрымалі фінансавую падтрымку, будуць апублікаваны на сайце праекта “Васьміног”. Гэта значыць, што анлайн-урокі, даследаванні, падкасты і іншыя падобныя матэрыялы, пералічаныя ў апісанні праекта па першым лоце, мы плануем размяшчаць на адукацыйнай анлайн-платформе vasminoh.school.

Яшчэ раз адзначаем, што на сайце “Васьмінога” мы будзем публікаваць інфармацыю пра вынікі праектнай дзейнасці, а не акцэнтаваць увагу на персаналіях (у асобных выпадках выканаўцы, аўтары могуць заставацца ананімнымі). Пры падрыхтоўцы матэрыялаў будзем кіравацца прынцыпам “не нашкодзь” і ўлічваць разумныя меры бяспекі.

Праектам з Беларусі мы рэкамендуем пазбягаць публічных дзеянняў, якія могуць пацягнуць за сабой рызыкі для каманды.

Ці есць шанец атрымаць грант тым, хто ніколі не працаваў у гэтай сферы? То бок ёсць цьмянае разуменне, як дакладна скласці заяўку, на што звяртаць увагу, а галоўнае, ці ёсць сэнс гэта рабіць?

“Васьміног”: – Вядома, сэнс і шанец ёсць! Галоўнае, Вы пачніце пісаць, і дакумент абавязкова атрымаецца. Мы не можам Вам рэкамендаваць, які напрамак дзейнасці падрыхтаваць для гранта, гэта павінна быць толькі вашае рашэнне. Важна, каб ваша заяўка была суцэльнай, прадуманай, былі выразна бачныя мэты і спосабы іх дасягненняў. У такім выпадку, шанцы на атрыманне гранта моцна павялічваюцца.  Калі ў Вас узнікнуць пытанні па запаўненні дакументаў, звяртайцеся, мы дамо Вам неабходныя тлумачэнні.

У форме заяўкі ёсць пункт “месца рэгістрацыі”. Я так разумею, што гэта не для фізічных асобаў, а для ініцыятываў або фундацыі, якія зарэгістраваныя юрыдычна? То бок калі фізічная асоба проста, то дастаткова падаць сваё імя і нумар тэлефону?

“Васьміног”: – Так, усё дакладна. Калі Вы падаеце праект не ад арганізацыі, а як фізічная асоба, пазначайце свае дадзеныя. Але, перадусім, нам важна ведаць, знаходзіцеся Вы ў Беларусі ці не.

У форме для запаўнення бюджэту ёсць такі слупок “стаўка аплаты”. Патлумачце, калі ласка, што яна значыць і як яе разлічыць?

“Васьміног”: – “Стаўка аплаты” — гэта кошт за адзінку: зарплата супрацоўніка ў месяц, кошт за адзінку прадукцыі, тавара, аплата адной паслугі і гэтак далей. Гэта значэнне потым памнажаецца на “колькасць” (месяцаў, адзінак тавара, паслуг…) і атрымліваецца сума “Бюджэту”.

Як мы разумеем, мэтай праекту “Васьміног” з’яўляецца актыўнае засваенне беларускай мовы. Ці можам мы, як арганізацыя, разлічваць на атрыманне гранта, калі сярод нас няма дыпламаваных педагогаў?

“Васьміног”: – Падаваць заяўкі можна ўсім). Аднак мэтай праекту “Васьміног” з’яўляецца не “актыўнае засваенне беларускай мовы”, а пашырэнне беларусацэнтрычнай адукацыі і інавацыйных фарматаў навучання школьнікаў. Звярніце ўвагу, калі ласка, на патрабаванні да складання праекту. 

Адбор заявак залежыць не толькі ад адукацыі прэтэндэнтаў на грант, але і ад Вашага мінулага досведу ў справе рэалізацыі праектаў (нават калі дыплом у іншай сферы). Вы можаце прыкласці партфоліа.

Ці магчыма атрымаць грант на рахунак у банку Грузіі?

“Васьміног”: – Так, рахунак у грузінскім банку падыходзіць, але ў Вашым бюджэце трэба ўлічыць камісіі за транзакцыі і ўключыць гэта ў Вашыя выдаткі.

Для рэалізацыі праекта мне спатрэбяцца спецыялісты: педагогі па прадметах, ІТ-спецыялісты і гэтак далей. Я правільна разумею, што гэтых членаў каманды я магу дабраць у якасці падрадчыкаў? Ці патрэбныя мне тады яшчэ юрысты, бухгалтары для пісьменнага афармлення дамоваў падраду? З самімі юрыстамі і бухгалтарамі мне таксама давядзецца заключаць дамовы падраду? Усе гэтыя пасады я павінен буду адлюстраваць у дакуменце па бюджэце? Як у такім выпадку пісьменна разлічыць выдаткі на юрыстаў і бухгалтараў? Альбо вы зможаце на працягу ўсяго праекта падтрымліваць юрыдычнай і бухгалтарскай дапамогай?

“Васьміног”: – Усіх спецыялістаў, паслугі якіх Вам неабходныя для рэалізацыі праекта, Вы можаце ўключыць у каманду. Калі Вы аплочваеце гэтыя паслугі, гэта павінна адлюстроўвацца ў бюджэце і ў справаздачы ў далейшым дадаюцца дакументы, якія пацвярджаюць аплату. Узгаданая Вамі дамова падраду выкарыстоўваецца для афармлення працоўных адносін з фізічнымі асобамі. Бухгалтары і юрысты могуць быць юрыдычнымі асобамі, у такім выпадаку афармляюцца Дамова на аказанне паслугі і Акт выкананых прац. Не маючы ўяўлення пра сутнасць Вашага праекту, мы не можам адназначна сказаць, ці патрэбны Вам юрыст і бухгалтар на сталай аснове. Магчыма, Вам будзе дастаткова выкарыстаць частковую занятасць,  заключыць дамовы на паслугі альбо атрымаць у гэтых спецыялістаў кансультацыю і самастойна потым вырашаць Вашыя рабочыя пытанні. Калі Вы атрымаеце грант ад праекта “Васьміног”, Вам прадаставяць пакет шаблонаў дакументаў, якія будуць неабходныя ў працы і справаздачнасці і дадуць кансультацыі. На жаль, з боку Праекта прадаставіць пастаяннае бухгалтарскае і юрыдычнае суправаджэнне няма магчымасці.

Ці можна падаваць заяўкі на анлайн-заняткі па англійскай/польскай мове для дзяцей?

Хочам звярнуць Вашую ўвагу на мэты і прыярытэты нашага Конкурсу. Наша задача – падтрымка і пашырэнне беларусацэнтрычнай адукацыі для школьнікаў праз папулярызацыю беларускай мовы і беларускай культуры, вывучэнне беларускай гісторыі. Вывучэнне англійскай/польскай моваў, на жаль, не трапляе ў наша кола задач.

Заяўкі прымаюцца да 20.03.2023. Падрабязную інфармацыю пра конкурс чытайце ТУТ. Усе пытанні адносна грантавых заявак можна дасылаць на скрыню: grant.vasminoh@gmail.com.
Падзяліцца
Instagram Telegram-plane Facebook-f Envelope

vasminoh.school 2023