Інклюзіўная адукацыя, беларусацэнтрычныя падручнікі, падкасты, падлеткавыя клубы, адукацыйныя відэапраекты па-беларуску. Пачытайце, каго падтрымлівае “Васьміног”
“Васьміног” завяршыў працу над першым этапам грантавага конкурсу адукацыйных праектаў. Усе дасланыя заяўкі прайшлі некалькі этапаў ацэнкі пры ўдзеле незалежных экспертаў і прадстаўнікоў арганізацый-партнёраў “Васьмінога”. “Уразіла не толькі колькасць заявак, але і разнастайнасць прапанаваных накірункаў дзейнасці і відаў актыўнасці. Сярод заяўнікаў было шмат вядомых навукоўцаў і педагогаў, дзеячаў культуры і навукі. Цэлыя зорныя калектывы. Шмат было таксама дэбютантаў са свежымі ідэямі. Конкурс быў сапраўды спаборніцкім, цікавым і напружаным…”, — такімі ўражаннямі падзялілася адна з экспертак, якая працавала над заяўкамі.
Мы прынялі рашэнне падтрымаць праекты на суму 285 916 еўра. Каб зразумець, наколькі складана было выбіраць пераможцаў, прывядзем такі факт: агульная сума, якую заклалі ў бюджэтах 113 заяўнікаў, складае 3 811 200 еўра. То бок беларуская грамадзянская супольнасць, дыяспары і педагогі для рэалізацыі сваіх задумаў маюць патрэбу ў суме, якая ў 10 разоў перавышае цяперашнія магчымасці “Васьмінога”.
Кіраўнік праекту “Васьміног” Аляксей Канстанцінаў заўважае, што некаторым заяўнікам не хапіла вопыту для складання праектных прапановаў: “Істотная частка заявак сфармулявана і аформлена з мноствам памылак. Мы разумеем, што шмат якія адукацыйныя ініцыятывы ўпершыню пісалі грантавыя заяўкі, а гэтая праца патрабуе пэўных кампетэнцый. Мы разумеем гэта як запыт і задачу на развіццё арганізацыйнага патэнцыялу. Мы таксама разлічвалі на большую колькасць інавацыйных праектаў, але большая частка атрыманых заявак абапіраецца на традыцыйныя практыкі і інструменты адукацыі.”
У сітуацыі вострай канкурэнцыі былі адабраныя 15 годных праектаў, рэалізацыя якіх істотна паўплывае на адукацыйную сферу ў Беларусі. Яшчэ 19 праектаў атрымалі рэкамендацыі для паляпшэння заявак, якія можна будзе падаваць на новым Конкурсе.
Мы выдзяляем гранты на наступныя праекты:
-
Навучанне дзяцей школьнага ўзросту з аўтызмам;
-
Стварэнне адукацыйнага і інавацыйнага відэакантэнту для вывучэння беларускай мовы і гісторыі, гуманітарных дысцыплін для школьнікаў;
-
Беларускамоўны падкаст па біялогіі (серыя крэатыўных перадач для школьнікаў);
-
Распрацоўка праграмнага зместу гісторыка-грамадазнаўчага і філалагічнага блоку для настаўнікаў;
-
Стварэнне падручніка па геаграфіі для старэйшых класаў;
-
Падтрымка падлеткавага клуба;
-
Арганізацыя летніка і нядзельнага клуба для беларускіх школьнікаў у Літве і Польшчы;
-
Падтрымка некалькіх школ выхаднога дня ў розных гарадах і краінах.
Апроч пералічаных напрамкаў, мы будзем падтрымліваць навучанне настаўнікаў інавацыйным метадам выкладання.
Пры адборы грантаатрымальнікаў мы імкнуліся таксама ўлічваць “геаграфічны” прынцып, каб былі падтрыманыя ініцыятывы беларускіх дыяспар у розных краінах знаходжання. Так, сярод пераможцаў Конкурсу — жыхары Польшчы, Літвы, Грузіі, Нямеччыны, Эстоніі і Беларусі.
Нам было вельмі складана ў эмацыйным плане прымаць рашэнне пра адхіленне некаторых заявак, але, як бы мы ні хацелі, падтрымаць усе 113 праектаў мы не ў змозе. Тым, хто на дадзены момант не атрымаў сродкі на свае задумы, раім сачыць за абвесткамі “Васьмінога”. Увосені 2023 года будзе абвешчаны чарговы конкурс грантавых праектаў для адукацыйных ініцыятыў, на які можна будзе дадаць дапрацаваныя і новыя заяўкі.
КОНКУРС ПРАПАНОВАЎ
– Фінансавая падтрымка пілотных адукацыйных праектаў у Беларусі i ў транспамежным анлайн-фармаце.
– Фінансавая падтрымка арганізацый і ініцыятываў па нефармальным навучанні за межамі Беларусі або анлайн
Адукацыйны праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” абвяшчае конкурс на падтрымку адукацыйных праектаў. Агульная мэта конкурсу – распрацоўка, умацаванне жыццяздольнасцi і даследаванне элементаў “новай адукацыі” (навучальныя праграмы, методыкі, арганізацыйныя мадэлі) для дзяцей у Беларусі ці ў транспамежным анлайн-фармаце. Падтрымка беларускіх нефармальных адукацыйных арганізацый і ініцыятываў і кароткатэрміновых праектаў/мерапрыемстваў, якія дзейнічаюць як у Беларусі, так і ў эміграцыі, афлайн- і анлайн.
У рамках гэтага конкурса вы можаце падаць заяўку на падтрымку праекта.
Яго працягласць мусіць складаць ад 3 да 12 месяцаў.
Праект мусіць пачынацца не раней за 01.05.2023.
Магчымы бюджэт: ад 1000 да 60 000 EUR.
Заяўкі прымаюцца з 02.02.2023 да 20.03.2023.
Вы атрымаеце адказ адносна прыняцця ці адхілення заяўкі да 20.04.2023.
Важна: Усе вынікі праектаў, якія атрымалі фінансавую падтрымку, будуць апублікаваны на сайце праекта “Васьміног”/ vasminoh.school
Больш падрабязную інфармацыю пра ўмовы конкурса можна знайсці ТУТ.
Калі ў вас у працэсе падрыхтоўкі прапановы ўзнікнуць пытанні, дасылайце іх на пошту [email protected] да 15 лютага 2023 года, мы падрыхтуем адказы і размесцім іх на сайце vasminoh.school.