Заняткі па-беларуску
Праект “Заняткі па-беларуску” скіраваны да навучэнцаў 8 – 11 класаў. Цяпер па-за межамі Беларусі знаходзіцца шмат беларускіх падлеткаў, якім бывае складана адаптавацца да новых рэалій і навучацца на замежнай мове. Многія хацелі б працягваць адукацыю на роднай беларускай мове і вывучаць на ёй гісторыю, літаратуру ды іншыя прадметы. Акрамя гэтага, сярод школьнікаў у Беларусі ёсць шмат тых, хто хацеў бы падвысіць свой узровень ведаў, ці ў будучыні навучацца ў замежных універсітэтах.
Дасведчаныя настаўнікі і ўніверсітэцкія выкладчыкі ініцыятывы “Заняткі па-беларуску” распрацавалі адмысловыя адукацыйныя праграмы для старэйшых класаў сярэдняй школы, якія спалучаюць беларускія адукацыйныя стандарты з еўрапейскімі. Навучанне па гэтых праграмах дазволіць палепшыць паспяховасць тым вучням, якія навучаюцца ў замежных і беларускіх школах, а таксама лепей падрыхтавацца да навучання за мяжой тым беларускім школьнікам, якія маюць такія намеры.
Заняткі адбываюцца ў рэжыме анлайн. Апроч заняткаў праводзяцца інтэграцыйныя мерапрыемствы.
Каб далучыцца да заняткаў, трэба запоўніць анкету па спасылцы. Магчымае навучанне як па ўсіх прадметах, так і па асобных.
У рамах праекту “Заняткі па-беларуску” таксама вядзецца запіс відэа ўрокаў і стварэнне сайту першай у свеце школьнай беларускай анлайн бібліятэкі. Тыя, каго цікавіць развіццё праекту, могуць аказаць яму фінансавую падтрымку на сайце www.belzan.org