“Васьміног” правёў канферэнцыю па пытаннях узаемадзеяння адукацыйных арганізацый і абазначыў дзве канцэпцыі рэформы школьніцтва
36 прадстаўнікоў адукацыйных арганізацый, замежных экспертаў і педагогаў узялі ўдзел у двухдзённай канферэнцыі “Васьмінога” ў анлайн- і афлайн-фармаце. Удзельнікі з Беларусі, Германіі, Грузіі, Латвіі, Літвы і Польшчы распавялі пра свае праекты, падтрыманыя грантавай праграмай “Васьмінога”, азнаёміліся з інавацыйнымі падыходамі ў анлайн-педагогіцы і абмеркавалі шляхі супрацоўніцтва.
Вялікая частка праграмы мерапрыемства была прысвечаная канцэптуальнай лабараторыі па пытаннях рэформы сістэмы адукацыі Беларусі. Канферэнцыя, якую праводзілі вядучыя эксперты Святлана Мацкевіч з “ЕўраБеларусі” і Андрэй Лаўрухін з Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку Беларусі і Усходняй Еўропы, мела на мэце дакладна ацаніць і вызначыць асновы, на якіх будзе грунтавацца беларуская сістэма адукацыі ў наступныя гады.
Мерапрыемства ўключала ў сябе падрабязныя дыскусіі і дэбаты з зацікаўленымі арганізацыямі і супольнасцямі, прадстаўнікі якіх абмеркавалі некалькі важных аспектаў будучай адукацыйнай рэформы, у тым ліку адаптацыю міжнародных стандартаў, інстытуцыйную аўтаномію адукацыйнай сістэмы, дынаміку рынку і ўзаемадзеянне з сучаснымі праектамі, такімі як “Васьміног”.
Удзельнікі канстатавалі наяўнасць спецыфічных рысаў, якія вызначаюць беларускі адукацыйны кантэкст, улічваючы культурныя, гістарычныя і палітычныя аспекты. Разам з тым была прызнана неабходнасць прывядзення беларускай адукацыі ў адпаведнасць з перадавым сусветным вопытам, вызначэнне шляхоў інтэграцыі міжнародных адукацыйных стандартаў. Значная частка дыскусіі была прысвечаная праблеме захавання аўтаноміі адукацыйных устаноў і патэнцыйнай інструменталізацыі адукацыі ў палітычных мэтах.
Запрашаем экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў рэформы адукацыі і мадэлі будучай школы. Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню: [email protected]