У Вільні прэзентавалі вынікі даследавання сістэм падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў Літвы і Беларусі
Аўтары даследаванняў – дырэктар Цэнтра адукацыйнай палітыкі Інстытута навук аб адукацыі Вільнюскага ўніверсітэта, прафесар Рымантас Жэлвіс і акадэмічны дырэктар Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін – прадставілі свае бачанні хады і вынікаў рэформ сістэмы падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў за апошнія 30 год, дыягностыку яе актуальнага стану і перспектывы далейшага развіцця дадзенага сектара адукацыі.
“Ініцыятары рэформ часта робяць памылкі ў тым сэнсе, што ім падаецца, што галоўнае – гэта мяняць юрыдычную базу, структуру, фінансаванне, а падрыхтоўка кадраў нібыта можа пачакаць. Калі гэта так, то рэформа не будзе ўдалай, паколькі для поспеху трэба, каб настаўнікі і кіраўнікі ведалі, што адбываецца і куды ўсё рухаецца”, – пачаў лекцыю літоўскі выступоўца Рымантас Жэлвіс, які на хвалі пераменаў у 1990-м годзе ўзначаліў літоўскі інстытут падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў.
Даследчык з Літвы распавёў пра тое, з якімі складанасцямі сутыкнуліся ў яго краіне пры спробе арганізацыі сістэмы падвышэння кваліфікацыі кадраў. У пачатку 1990-х гадоў выклікам было тое, што ад Савецкага Саюза ў спадчыну дасталіся інстытуцыі, якія займаліся ў асноўным ідэалагічнай апрацоўкай настаўнікаў: “Мы адразу пачалі думаць, як сістэму мяняць. Спачатку планавалі ўжо закрыць інстытут падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў, таму што ён быў надта ідэалагічна зараджаны. Там былі кафедры камуністычнага выхавання, вайсковай падрыхтоўкі, дзе ўсялякія палкоўнікі ў адстаўцы сядзелі… Але па той дарозе мы не пайшлі. Другі варыянт быў падключыцца да нейкага педагагічнага ВНУ, але ўдалося адбіцца ад гэтай ідэі, бо тады ўвогуле была цяжкая сітуацыя з фінансаваннем універсітэтаў. Адпаведна, на нашыя мэты не засталося б сродкаў”. У выніку было вырашана пакінуць інстытут, але пачаць яго рэфармаваць.
“Паступова ў незалежнай Літве пачалі з’яўляцца новыя цэнтры падвышэння кваліфікацыі: пры ВНУ, пры аддзелах адукацыі, прыватныя цэнтры. Яны сталі прапаноўваць альтэрнатыўныя кароткатэрміновыя курсы. У нас атрымалася так, што пачалі працаваць паралельныя сістэмы: інстытут, які афіцыйна належаў да Міністэрства адукацыі і трансляваў яго пазіцыю; і разнапланавыя незалежныя цэнтры”, – заўважае Рымантас Жэлвіс.
Паводле выступоўцы, вельмі добра, што пачаў функцыянаваць Інстытут перакваліфікацыі пры Міністэрстве, паколькі іначай бы не было б магчымасці трансляваць ідэі рэформ грамадству.
У 1999 годзе Інстытут быў пераўтвораны ў Цэнтр прафесійнага развіцця настаўнікаў, стаў адным з многім цэнтраў навучання, а ў 2009 годзе яго далучылі да іншага міністэрства. У 2019 годзе рэшткі інстытуцыі перайшлі да Нацыянальнай агенцыі адукацыі.
У 2020 годзе ў Літве функцыянавала 65 цэнтраў і 10 ВНУ, якія займаліся навучаннем кадраў. “Я праглядаў дакументы аўдыту і яны не надта аптымістычныя, паколькі Міністэрства не кіравала працэсам. Значыць, сістэма працавала неэфектыўна”, – заўважае Рымантас Жэлвіс.
Даследчык прывёў прыклад прафанацыі ідэі падвышэння кваліфікацыі настаўнікаў: “Даходзіла да скандальных сітуацый, калі прапаноўваў, скажам, які-небудзь цэнтр тыднёвы курс па сістэме адукацыі ў Аўстрыі і Швейцарыі. На практыцы ў аўтобусе дзве гадзінкі нехта пачытаў лекцыю, а тыдзень удзельнікі “каталіся на лыжах”. Таму, пасля дзяржаўных аўдытаў, Міністэрства стала выдзяляць прыярытэты, на якія выдзяляецца фінансаванне:
- Лічбавыя кампетэнцыі;
- Інклюзіўная адукацыя;
- Грамадзянская адукацыя;
- Вучэбная практыка і дыдактыка;
- Лідарства.
Азнаёміцца з прэзентацыяй прафесара Рымантаса Жэлвіса можна ТУТ.
Беларускі даследчык Андрэй Лаўрухін у пачатку свайго выступа абазначыў праблему адсутнасці статыстычных дадзеных, якая б дазволіла рабіць поўныя высновы пра сістэму перакваліфікацыі ў Беларусі. Ён канстатуе, што сістэма перападрыхтоўкі педагагічных кадраў дасталася ў спадчыну ад СССР, як і ў Літве, але інстытуцый перакваліфікацыі настаўнікаў у Беларусі больш, што абумоўлена памерамі краіны.
Так выглядае структура сістэма падвышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у Беларусі:
- 3 установы рэспубліканскага значэння: Акадэмія паслядыпломнай адукацыі (АПА), Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (РІВШ), Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі (РІПА) – Акадэмія адукацыі (створана 7 лютага 2024 г. на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі і АПА) – рэктар Ірына Старавойтава.
- 6 абласных Інстытутаў развіцця адукацыі (Брэсцкім, Віцебскім, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім, Магілёўскім).
- Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.
- Інстытуты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў складзе ўстаноў вышэйшай адукацыі.
- 137 вучэбна-метадычных кабінетаў, якія ажыццяўляюць арганізацыю і каардынацыю работы ўстаноў адукацыі ў сістэме дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на раённым (гарадскім) узроўні па навукова-метадычным забеспячэнні адукацыі.
Штогадовая колькасць слухачоў, якія асвойваюць праграмы дадатковай адукацыі дарослых, складае каля 50 тыс. чалавек, у тым ліку ў абласных інстытутах развіцця адукацыі – звыш 35 тыс. чалавек. Ільвіная доля гэтай аўдыторыі – настаўнікі сярэдніх школ.
Сістэма павышэння кваліфікацыі настаўнікаў убудавана ў агульную сістэму павышэння кваліфікацыі і з’яўляецца найбольш масіўнай яе часткай (па колькасці інстытутаў, элементаў інфраструктуры і колькасці ўцягнутых у яе супрацоўнікаў і навучэнцаў): па дадзеных за 2022/2023 нав.г., у РБ 2900 устаноў сярэдняга адукацыі (41 працэнт ад агульнай колькасці адукацыйных устаноў усіх узроўняў) з колькасцю навучэнцаў 1085,6 тыс. чалавек (58 працэнтаў ад агульнай колькасці ўсіх навучэнцаў) і колькасцю настаўнікаў у 111,4 тыс. чалавек (28 працэнтаў ад сярэдняспісачнай колькасці работнікаў, занятых у сферы адукацыі).
Для беларускай сістэмы перападрыхтоўкі настаўнікаў, уласцівыя наступныя праблемы:
- Слабая ўзаемасувязь паміж курсамі павышэння кваліфікацыі і працэдурай атэстацыі: “Курсы павышэння кваліфікацыі – гэта неабходная, але недастатковая ўмова для праходжання атэстацыі на больш высокі ранг настаўніка”. Больш таго, на вышэйшых узроўнях кар’ерных усходаў настаўніка дзве гэтыя працэдуры існуюць незалежна і нават раўналежна адзін аднаму: для атрымання вышэйшай катэгорыі і тым больш катэгорыі «настаўнік-метадыст» базавае патрабаванне наяўнасці абавязковых курсаў падвышэння кваліфікацыі фактычна не адыгрываюць ніякай ролі.
- Сістэмная дэвальвацыя і нейтралізацыя якасных інавацый.
- Кола дэматывацыі: «неабходная павіннасць» → нізкая/негатыўная матывацыя ў настаўнікаў → дэфіцыт настаўнікаў → нізкія патрабаванні да праходжання кваліфікацыі → нізкі ўзровень якасці курсаў → няма месца для запыту на інавацыі, толькі задавальненне патрэб самой сістэмы, у якой кожны настаўнік і выкладчык курсаў сам вызначае сябе ў якасці «шрубкі».
Як адзначыў Андрэй Лаўрухін, па дадзеных PISA за 2018г., беларускія настаўнікі з’яўляюцца аднымі з самых нематываваных да праходжання курсаў па павышэнні кваліфікацыі, а сама сістэма павышэння кваліфікацыі ў разы саступае іншым краінам па колькасці курсаў і частаце іх праходжання настаўнікамі. Калі ў лідзіруючых краінах частата праходжання курсаў настаўнікам 1 раз у паўгода, то ў Беларусі – 1 раз у тры гады.
- Нездавальняючы змест курсаў: маюць абстрактны (адарваны ад рэальнасці) характар.
- Няроўны доступ да інстытутаў павышэння кваліфікацыі: у Мінску і Мінскай вобласці размешчаны 4 з 10 устаноў адукацыі, 3 з 4-х гэтых устаноў маюць статус рэспубліканскага; выкладчыкі, якія пражываюць у Менску, маюць больш камфортныя лагістычныя і бытавыя ўмовы.
- Дыскрымінацыі прыватных школ і ліквідацыі прыватных ініцыятыў: настаўнікі ўсіх прыватных школ праходзяць курсы на платнай аснове (з бюджэтаў саміх школ); інавацыйныя курсы і прыватныя ініцыятывы не маюць афіцыйнага статусу (сертыфікатаў яны не выдаюць) і маюць дадатковы і добраахвотны характар (звыш абавязковай дзяржаўнай нормы); “зачыстка” прыватнага сектара пад “нуль” пазбаўляе сістэму пк актыўных правайдараў альтэрнатыўнага, інавацыйнага кантэнту ў гэтай сферы.
Выступоўцы ў фінале мерапрыемства прыйшлі да высновы, што больш праактыўная і інтэнсіўная інтэграцыя сістэмы адукацыі Літвы ў еўрапейскую прастору адукацыі дазваляе зразумець і зафіксаваць істотныя адрозненні ў стратэгіях і тактыках рэформаў у РБ і ЛР, а таксама ацаніць (на кантрасце) іх рэзультатыўнасць і эфектыўнасць на працягу апошніх 30 гадоў.