У межах “Васьмінога” дзве групы распрацуюць канцэпцыі рэформы беларускай школы
Незалежныя эксперты ў галіне адукацыі стануць каардынатарамі груп для выпрацоўкі канцэпцый і практык рэалізацыі будучай рэформы беларускай школы.
Тэмай трэцяга пасяджэння канцэптуальнай лабараторыі, арганізаванай у межах праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”, сталі падыходы да вызначэння прынцыпаў адукацыйнай палітыкі, мадэляў сістэмы адукацыі, фарматаў кіравання адукацыяй у Беларусі.
Сустрэча праходзіла ў гібрыдным фармаце: афлайн-мерапрыемства ў Вільні і анлайн-удзельнікі з некалькіх краін ЕЗ.
Мадэратарка сустрэчы, кандыдатка гістарычных навук і вядучая экспертка “Васьмінога” Марына Сакалова зазначыла, што на дадзеным этапе варта засяродзіцца на структурных элементах канцэпцыі. У далейшым – сфармуляваць падыходы, заняцца сутнасным напаўненнем дакументаў згодна сваім каштоўнасцям і бачанню.
Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч прапанавала структурныя элементы, якія павінны прысутнічаць у варыянтах канцэпцый рэформы:
- Аналіз сітуацыі, выклікі, праблемы;
- Бачанне будучай сістэмы адукацыі (асноўная ідэя) і яго абгрунтаванне (чаму такое, а не іншае);
- Фарматы рэалізацыі ідэі;
- Шлях перахода ад старой сістэмы да новай.
Прысутныя эксперты пагадзіліся з прапанаваным фарматам.
Разам з тым падчас дыскусій наконт класіфікацый мадэляў, абмеркаванняў праблем беларускай школьнай адукацыі і разважанняў наконт магчымасцей запазычання досведу заходніх краін для ажыццяўлення рэформ вызначыліся розныя падыходы. Адзін з іх быў артыкуляваны Святланай Мацкевіч, якая ў 1990-х гадах працавала ў Міністэрстве адукацыі і намагалася тады прасоўваць ідэі рэфармавання. Другі – старэйшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічнага даследавання (BISS, Літва), эксперт Грамадскага Балонскага Камітэту Андрэем Лаўрухіным.
Удзельнікі дыскусіі вырашылі, што імкнуцца нівеляваць адрозненні на гэтым этапе было б непрадуктыўна. Наадварот, вельмі важна атрымаць розныя прапрацаваныя канцэптуальныя прапановы.
Плануецца, што гэтыя прапановы будуць прадстаўлены экспертамі на верасеньскім пасяджэнні Лабараторыі. Наступныя крокі – стварэнне дзвюх экспертных групп для дэталёвай прапрацоўкі канцэпцый, абмеркаванне гэтых напрацовак у межах Лабараторыі і арганізацыя абмеркавання прапаноў удзельнікамі адукацыйнага працэсу і ўсімі зацікаўленымі бакамі.
Запрашаем экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў рэформы адукацыі і мадэлі будучага школы. Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню: [email protected]