Пра школьную сістэму: вельмі кароткая нататка
“Толькі вельмі нямногія добра ўяўляюць, чаму школы існуюць у сваім цяперашнім выглядзе… Гэта нейкі дзіўны прабел у грамадскіх ведах”, – так пачынае прафесар Бірмінгемскага ўніверсітэта Гэры Томас сваю знакамітую кнігу “Адукацыя: вельмі кароткае ўвядзенне” (1).
Падаецца, што неабходным крокам да адказу “чаму школы існуюць” з’яўляецца ўдакладненне розніцы паміж адукацыяй як такой і абавязковай адукацыяй праз школьную сістэму. Добра вядома, што адукацыя – гэта працэс, а школы – сацыяльна створаная ўстанова. У той час як адукацыя “спрадвечная” – яшчэ Сакрат, Платон і Арыстоцель абмяркоўвалі і развівалі філасофію вакол найлепшых мэт і задач адукацыі, – школьныя сістэмы, якія мы маем сёння, былі створаны разам з фармаваннем нацыянальных дзяржаў. Патрэба ў абавязковай адукацыі (школьнай сістэме) у дзяржаве звязана з неабходнасцю сацыялізацыі грамадзян, стварэння агульнадзяржаўнай еднасці, заснаванай на лаяльнасці ўраду (2).
Адсюль вынікае, па-першае, што адукацыя як такая — гэта толькі адна з задач (а не адзіная задача) дзяржаўнай школьнай сістэмы. У гэтым кантэксце важна не ўпусціць розніцу паміж “мэтамі” і “задачамі” школьнай сістэмы. Ёсць два звязаных, але розных пытанні:
- Навошта нам школа?
- Чаго мы спадзяемся дасягнуць у школе?
Адказ на першае пытанне — мэта, адказ на другое – задача. Мэты звязаныя з прычынамі, дзякуючы якім у нас існуе школа як інстытут, з тым, якую ролю яна адыгрывае ў жыцці людзей і грамадства ў цэлым. Гэта апраўданні, якія мы даем для існавання школьнай сістэмы. Задачы – гэта канкрэтны кірунак або вынікі, якіх мы спадзяемся дасягнуць у рамках мэты.
Многія тэарэтыкі пагаджаюцца з тым, што мэты збольшага аднолькавыя для ўсіх сістэм школьнай адукацыі ва ўсіх грамадствах (гл. вышэй). Задачы адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу палітычных і эканамічных сістэм. Напрыклад, ці есць задачай развіццё творчых, крытычных мысляроў, дэмакратаў і індывідуалістаў, ці – выхаванне вучняў, якія паважаюць уладу і добра дысцыплінаваныя?
Тут паўстае пытанне, якое тысячагоддзі таму назад задаваў Сакрат: ці можам мы казаць пра добрую адукацыю, не ведаючы, што такое справядлівае грамадства і дабрадзейны чалавек. З таго, што задачы залежаць ад таго, якім рысам вартай формы жыцця школьная адукацыя павінна спрыяць, вынікае: задачы школьнай сістэмы па сваёй сутнасці палітычныя (3).
Іншымі словамі, каб вызначыць агульнадзяржаўныя задачы адукацыі, трэба мець нейкае ўяўленне пра тое, як людзі ў грамадстве думаюць пра тое, што такое добрае жыццё, пра тое, якое грамадства яны жадаюць стварыць разам, і пра тое, з якімі асобамі яны спадзяюцца жыць. А таксама выпрацаваць шляхі да таго, каб прыхільнікі розных жыццёвых вартасцей маглі дамовіцца аб гэтых агульных задачах.
Тэкст падрыхтаваны вядучай эксперткай “Васьмінога”, кандыдаткай гістарычных навук, эксперткай па пытаннях адукацыйнай палітыкі Офіса па адукацыі для новай Беларусі, сябрам Савета Беларускай Асацыяцыі адукацыі і навукі, кансультанткай праекта Belarus Beehive і праграмы “Беларуская адукацыя на шляху змяненняў” Марынай Сакаловай
Крыніцы
1. Томас, Г. (2016) Образование. Очень краткое введение. С. 3 2. Андерсон, Б. (2001) Воображаемые сообщества https://tinyurl.com/29fezzwt 3. Peters, R. (1973). The Philosophy of Education. P.17