Падручнікі па генацыдзе беларускага народа – гэта спроба адцягнення ўвагі ад уласных злачынстваў
У сярэдняй школе №137 Мінска прэзентавалі школьныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. “Васьміног” з гэтай нагоды звярнуўся па каментар да эксперта ў галіне адуацыі, навукі і інавацый Андрэя Лаўрухіна.
Андрэй Лаўрухін:
З’яўленне навучальных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў) па ініцыятыве і пры ўдзеле Генпракуратуры РБ – гэта спроба цяпер дзейных у РБ уладаў дэзавуяваць абвінавачанні дэмакратычных краін у злачынствах у адрас беларускага і ўкраінскага народаў праз рытарычны дэмагагічны прыём “да чалавека” (ad hominem tu quoque – “і ты таксама”). Улады РБ тым самым нібыта адказваюць заходнім дэмакратычным краінам: “Вы нас абвінавачваеце ў жорсткасці, ва ўжыванні гвалту (да сваіх грамадзянаў) і ў саўдзеле ў расейскай агрэсіі ва Украіне, якую некаторыя ўкраінскія праваабаронцы кваліфікуюць як генацыд украінскага народа, а самі падчас Другой сусветнай вайны ажыццяўлялі генацыд беларускага народа. Чаго ж тады каштуюць усе вашыя абвінавачванні ў наш адрас?” Тым самым сцвярджаецца, што апанент (“калектыўны Захад”) і сам вінаваты ў тым, у чым выкрывае ўлады РБ.
Псеўдалогіка тут наступная: нейкі суб’ект (S) робіць сцвярджэнне А; аб самім S вядома нешта непрымальнае; такім чынам, сцвярджэнне S ілжывае. Аднак недарэчны і падступны характар такой “аргументацыі” відавочныя, бо ў дадзеным выпадку важная сутнасць справы – мае месца злачынства ці не -, а хто менавіта канстатуе яго наяўнасць не істотна. Улады РБ спрабуюць тым самым адцягнуць увагу насельніцтва ад сутнасці справы і перавесці яе на сам “калектыўны Захад”, на гісторыю злачынстваў некаторых яго прадстаўнікоў (у дадзеным выпадку найперш маецца на ўвазе нацысцкая Германія).
Дзякуючы навучальнаму дапаможніку, выдадзенаму велізарным тыражом, гэты дэмагагічны прыём маштабуецца на ўсю краіну і набывае выгляд вялікага інструмента маніпуляцыі масавай свядомасцю дзяцей: на фоне жахлівых злачынстваў нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны забойствы, катаванні, згвалтаванні і іншыя злачынствы ўладаў РБ супраць (па задуме ідэолагаў-прапагандыстаў) павінны выглядаць бледна. Тым самым улады пераконваюць усіх (і, перш за ўсё, грамадзянаў унутры краіны), што іх злачынствы не такія ўжо і страшныя, а можа і зусім не злачынствы. Для людзей, якія маюць веды і навыкі крытычнага мыслення, зразумець недарэчнасць і відавочнасць гэтага дэмагагічнага трука не складае вялікай працы. Аднак у адукацыйных установах Беларусі (ды і за яе межамі), на жаль, такія веды і навыкі не выхоўваюцца. Гэта азначае, што рызыка трапіцца на кручок маніпулятыўных стратэгій цяперашніх уладаў у грамадзянаў РБ даволі высокая, асабліва ў дзяцей з яшчэ не сфармаванай культурай мыслення і няўстойлівай псіхікай.