Неаліберальны паварот і выбар школы
Урыўкі з кнігі Геры Томаса “Адукацыя. Вельмі кароткае ўвядзенне” (Глава 4 “Вялікія ідэі ХХ стагоддзя”)
Спажыўцы і пастаўшчыкі інфармацыі, адукацыйны рынак, выбар школы – гэтыя тэмы часта гучаць у размовах пра будучыню беларускай адукацыі. Прапануем вашай увазе разважанні на гэтыя тэмы прафесара Школы адукацыі ўніверсітэта Бірмінгема, кніга якога «Образование. Очень краткое введение” была перакладзена на рускую мову ў 2016 г. (Издательский дом Высшей школы экономики).
Калі асноўны напрамак і формы адукацыйнага працэсу на працягу большай часткі XX стагоддзя былі зададзены псіхалогіяй, афарбаванай прагрэсіўнымі ідэямі, то ў канцы стагоддзя выявілася новая, раней зусім нязведаная крыніца ўплыву. Гэтая крыніца была звязана ў большай меры з палітыкай і эканомікай, чым з адукацыяй як такой. Да гэтага часу палітыка і адукацыя не занадта моцна судатыкаліся, хіба што калі дзяржаўныя дзеячы прыкладалі асаблівыя намаганні да таго, каб сабраць меркаванні прафесіяналаў і адпаведным чынам на іх адрэагаваць (як у выпадку з брытанскімі камітэтамі і камісіямі, якія распрацоўвалі рэкамендацыі для ўрада). Гэта было, па выразе сацыёлага адукацыі Стывена Бола, “сусветнае пагадненне” наконт адукацыйнай палітыкі: педагогі і дзяржаўныя дзеячы выдатна ўжываліся адзін з адным.
Але цяпер, у апошняй чвэрці XX ст., ва ўрада ўтварыліся свае ўласныя вельмі пэўныя погляды на тое, як мусіць быць пабудаваны працэс адукацыі. Па абодва бакі Атлантыкі адбывалася палітычнае абуджэнне, і тагачасныя палітычныя перамены шмат у чым абумовілі шлях развіцця адукацыі на бліжэйшыя 30 гадоў – аж да нашых дзён.
Дзе і пры якіх абставінах узнік гэты новы парадак дня? Па іроніі лёсу, ён быў збольшага абумоўлены… самой прыродай «пагаднення»: урад прыслухоўваецца да рэкамендацый, але няздольны эфектыўна ўвасобіць іх у жыццё. Дзяржаўныя мужы гатовы былі аналізаваць недахопы сістэмы, але зусім не гатовы былі ўкласці параўнальны аб’ём інтэлектуальных намаганняў, практычных дзеянняў і грошай у яе рэфармаванне…” Доказаў палітычнай волі да грунтоўных зменаў было нікчэмна мала” (Ball, S.J. (2008) The Education Debate. The Policy Press, Bristol.P.71).
[…]
Усё гэта супала са з’яўленнем ідэй, звязаных з новай эканамічнай мадэллю, зерне якой было запушчана Чыкагскай школай эканомікі ў 1920-1930-х гадах: неалібералізм, які абвясціў свабодны рынак і індывідуальны выбар залогам эканамічнага поспеху. Нейкі час неалібералізм заставаўся пад спудам, але потым гэтая дактрына стала набіраць папулярнасць на хвалі магутнага росту пасляваеннага кансюмерызму, калі спажывец ператварыўся ў героя і рухаючую сілу эканомікі. Неаліберальны паварот стаў нарошчваць тэмпы ў пачатку 1980-х гадоў, на фоне раскручвання рыторыкі “халоднай войны”… Актыўна насаджаўся дыскурс аб правале кіраваных дзяржавай эканомік па тым боку “жалезнай заслоны” і аб супрацьстаялых ім іншых эканамічных мадэлей.
Пасля галоснасці, перабудовы і падзення Берлінскай сцяны ў заходняга свету канчаткова саспела ўпэўненасць у тым, што ён валодае правільнай эканамічнай мадэллю, – здавалася, што сур’ёзныя пытанні аб размеркаванні рэсурсаў былі вырашаны раз і назаўжды. Фрэнсіс Фукуяма нават загаварыў пра «канец гісторыі» – г. зн. пра трыумф ліберальнай дэмакратыі ў палітыцы, якая дзейнічае пры дапамозе механізмаў свабоднага рынку ў эканоміцы. “Выбар” стаў ключавым словам, дэвізам, паролем: людзі самі выбіраюць сістэму кіравання, самі выбіраюць тавары і паслугі на рынку.
Неалібералізм быў цесна звязаны з новым мысленнем, і, калі ранейшае пагадненне наконт адукацыі аказалася пад сумненнем, узнікла паўсюдная цікавасць да ідэй аднаго з архітэктараў неалібералізму – эканаміста Мілтана Фрыдмана, асабліва да яго меркаванняў наконт адукацыі. У 1955 г. Фрыдман стаў цікавіцца пытаннямі адукацыі і напісаў працу “Роля ўрада ў адукацыі”. Адукацыя прыцягнула яго ўвагу і заінтрыгавала сваім дзіўным і нават раздражняльным, з пункту гледжання рынкавых мадэляў, становішчам у свеце рынкавых адносін. Яно не зусім упісвалася ў выразную схему попыту і прапановы, заснаваную на прынцыпе выбару.
[…]
Фрыдман зразумеў, што тут існуе патрэба ў дзяржаўным фінансаванні – анамалія з пункту гледжання новай эканамічнай мадэлі і вяршэнства спажывецкага выбару. Гэта запатрабаванне тлумачыцца тым, што ад адукацыі індывідаў залежыць росквіт усяго грамадства ў цэлым. Калі Джэйн атрымала добрую адукацыю, заплаціўшы за яе, то мне гэта выгадна ў многіх адносінах – мне выгадная грамадзянская свядомасць і высокая прадукцыйнасць Джэйн і г. д., нават калі я не плаціў за яе адукацыю. Я б не атрымаў такой выгады ад таго, што Джэйн купіла, скажам, пыласос. Такія выгады Фрыдман назваў “вонкавымі эфектамі” (neighbourhood effects) – выгадамі ад паслуг, за якія не плаціш. У сілу гэтых эфектаў дзяржава, па яго меркаванню, мае права абкладаць грамадзян падаткам, каб аплаціць гэтыя незвычайныя “выгадныя ўсім” паслугі, то бок адукацыю.
Гэтыя развагі аб “знешніх эфектах” заахвоцілі Фрыдмана задацца пытаннем: а што ж рабіць з ідэяй выбару? Калі дзяржава фінансуе школы праз падаткаабкладанне, дык як тады быць з мудрасцю рынкаў? Бацькі самі ведаюць, чаго яны хочуць для сваіх дзяцей, – яны ў гэтым разбіраюцца куды лепш, чым дзяржава, але пры гэтым у пытанні адукацыі дзяржава робіць выбар за іх.
Загадку “знешніх эфектаў” ён вырашыў, прапанаваўшы стварыць рынкавыя ўмовы ў рамках фінансаванай дзяржавай сістэмы. Ён сцвярджаў, што, калі стварыць такія ўмовы, то мы возьмем лепшае ад абодвух светаў: дзяржаўнае фінансаванне і бацькоўскі выбар. Ён прапанаваў, каб урад даваў бацькам ваўчары на “куплю” месца ў любой школе, якая ім спадабаецца – дзяржаўнай, прыватнай або рэлігійнай. За месца ў прыватнай школе бацькі, у дадатак да ваўчара, даплачваюць з уласнай кішэні ў адпаведнасці з расцэнкамі школы.
Але ідэя з ваўчарамі не надта прыйшлася даспадобы ўрадам (хоць яна і была апрабавана на практыцы ў некаторых краінах, у тым ліку ў Злучаных Штатах і Швецыі) – галоўным чынам таму, што яна спрыяла б росквіту розных відаў непажаданай сегрэгацыі.
[…]
Фрыдман паспрабаваў увесці ў адукацыю рынкавы прынцып і прыдумаў для гэтага ваўчары, якія так і не прыжыліся, але да канца стагоддзя знайшлося рашэнне, якое як быццам шчасліва абыходзіла бокам праблемы сегрэгацыі, якія ўзніклі праз ваўчары. Гэта рашэнне складалася ў з’яўленні розных формаў арганізацыі, перш за ўсё ў стварэнні новага віду рынку – квазірынку ў рамках дзяржаўных сістэм. На гэтым квазірынку будуць спажыўцы, г.зн. бацькі і дзеці; а таксама “пастаўшчыкі паслуг” – школы. Бацькі выбіраюць, у якую школу ім аддаць сваё дзіця, яны выкладваюць за гэта кругленькую суму, самыя папулярныя школы атрымліваюць гэтыя кругленькія сумы і квітнеюць далей, а непапулярныя губляюць прыбытак і кліентаў.
Логіка рынкавай ідэалогіі патрабавала, каб гэты квазірынак як мага больш быў падобным на сапраўдны рынак. Таму, паколькі сапраўдны рынак мяркуе велізарную разнастайнасць выбару, трэба заахвочваць узнікненне шырокага спектру школ – каб усе гэтыя школы працавалі ў розных кірунках, па разнастайных праграмах, з рознымі выхаваўчымі паслугамі. Так узніклі акадэміі, свабодныя школы і спецыялізаваныя каледжы ў Вялікабрытаніі; так узніклі “магнітныя” і “чартарныя” школы ў ЗША. Роля рэгулюючых пасярэднікаў, такіх як мясцовыя органы кіравання, наўмысна зводзіцца тут да мінімуму, паколькі школы вызваляюцца ад неабходнасці выконваць розныя правілы: напрыклад, брытанскія акадэміі вызваляюцца ад абавязку прытрымлівацца Дзяржаўнай адукацыйнай праграмы. Гэтым пасярэднікам ужо больш не належыць кантроль над тым, у якім напрамку адбываецца перамяшчэнне дзяцей (і кругленькіх сум іх бацькоў). Такім чынам, магчымасці выбару, які могуць зрабіць бацькі, узрастаюць па меры ўзнікнення і знікнення школ на ўсё больш свабодным рынку, не скаваным ніякімі меркаваннямі дзяржаўнага планавання або рэгулявання. (Гэтае рашэнне часам завуць “рашэннем з пункту гледжання прапановы”: праблемы вырашаюцца па меры павелічэння прапановы на рынку, то бок у нашым выпадку дзякуючы ўсё нарастальнай колькасці школ.)
Класічная эканамічная тэорыя кажа нам, што для функцыянавання рынку неабходна таксама, каб спажыўцы атрымлівалі як мага больш разгорнутую інфармацыю пра выбары, якія яны робяць. Таму квазірынак павінен быў забяспечыць такога кшталту інфармацыю: справаздачы школьнай інспекцыі і даступныя вынікі тэстаў павінны прадэманстраваць бацькам магчымасці кожнай школы ў параўнанні з іншымі.
Мы жывем цяпер у эпоху рынкавай рэвалюцыі ў адукацыі; паколькі мы сучаснікі гэтай з’явы, нам цяжка дыстанцыявацца ад яе, цяжка ўбачыць за дрэвамі лес і ацаніць канчатковы сэнс і значэнне таго, што адбываецца. Як справа скончыцца – выбухам ці сцісканнем?
Мне здаецца, што гэты від рынку, хутчэй за ўсё, ніколі не зможа функцыянаваць як сапраўдны рынак, дзе мы купляем і прадаем тавары, і таму ёсць тры асноўныя прычыны.
- Калі ў шматках, якія вы ясце на сняданак, занадта мала абалоніны, вы можаце проста змяніць марку. Але гэта не так проста, калі наогул магчыма, на школьным квазірынку, дзе незадаволеныя бацькі ўсё ж не адважацца змяніць школу па мностве прычын: сябры, адлегласць, праблемы пры змене школьнай праграмы і г.д.
- Рынак вызначаецца вялікай разнастайнасцю выбару, але ў нашым выпадку гэта разнастайнасць абмежавана нейкай крытычнай масай, неабходнай для жыццяздольнасці школы: сапраўдны рынкавы выбар не можа быць забяспечаны проста таму, што школы не могуць узнікаць у дастатковым для рынку ліку ў межах дасяжнасці, асабліва ў сельскай мясцовасці і прыгарадах.
- Інфармацыя, якая ў тэорыі павінна дапамагчы зрабіць выбар адносна школы, насамрэч не ўдаецца ў дэталі, а засяроджваецца вакол вынікаў тэстаў. Як мы ўжо бачылі, гэтыя вынікі могуць стварыць ілжывае ўражанне аб якасці адукацыі ў дадзенай школе.
Такім чынам, ідэя “выбару” на школьным рынку ўяўляецца нам няўдалай фармулёўкай, паколькі гэта выбар, які робіцца ўсяго адзін раз, з невялікага набору альтэрнатыў, пры наяўнасці беднай інфармацыі, і практычна не пакідае магчымасці штосьці памяняць.
Гэты рынак, калі зноў звярнуцца да мовы эканамічнай тэорыі, заўсёды будзе дэфармаваным з-за асаблівасцяў канкурэнцыі, якая ў гэтай сферы недасканалая па вызначэнні: яна існуе ў выглядзе алігаполіі (невялікая колькасць “прадаўцоў”, г.зн. школ у межах дадзенай тэрыторыі) і адначасова манаполіі, пры якой пэўныя “пакупнікі” (напрыклад, бацькі больш здольных дзяцей) дыктуюць умовы прадаўцам (школам). У падобных абставінах школы сутыкнуцца з усё большым ціскам і стануць прытрымлівацца прынцыпу адбору.
[…]
Прыўнясенне рынкавых характарыстык у сферу адукацыі прывяло да ўзнікнення адтэрмінаваных эфектаў, перш за ўсё звязаных з тым, што на гэты “рынак” інфармацыя паступае ў выглядзе вынікаў тэстаў. З прычыны гэтага школы перагружаныя тэстамі, школьная праграма дэфармуецца, цэнтр цяжару (гэта тычыцца як самога працэсу навучання, так і ўяўленняў выкладчыкаў аб мэце навучання) ссоўваецца ў бок дасягнення найлепшых вынікаў. Гэты беспрэцэдэнтны ціск адчуваюць на сабе не толькі выкладчыкі, але найперш самі дзеці.
Якія высновы можна зрабіць з гісторыі ўкаранення рыначных прынцыпаў у адукацыю за апошнія 30 гадоў? Самая значная выснова складаецца ў тым, што арыентаваныя на рынак змены не прывялі да колькі-небудзь істотных поспехаў. Ацэнкі дзейнасці чартарных школ у ЗША, дзе яны існуюць з пачатку 1990-х гадоў, вельмі супярэчлівыя, а шэраг сур’ёзных даследаванняў паказвае, што ў цэлым чартарныя школы функцыянуюць горш, чым дзяржаўныя школы, якіх рэформа не закранула. Даследаванні адносна брытанскіх акадэмій таксама не дазваляюць зрабіць адназначных высноў.
Сучасны пераход адукацыі на рынкавыя прынцыпы часам называюць “радыкальнай” рэформай. Яна і сапраўды прыўнесла сур’ёзныя змены – дэстабілізацыю прафесіі настаўніка і апантанасць тэстамі… Усё роўна, радыкальная ці не гэтая “рэформа”, усё роўна нялёгка зразумець, якім чынам яна ўвогуле праводзіцца. Рэформа можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі будуць пастаўлены сур’ёзныя пытанні: чаго мы чакаем ад школы ў сучасным свеце? Якой павінна быць адукацыя?
І нарэшце, ці варта ўвогуле давяраць “нябачнай руцэ” рынку рэформу ў галіне такой складанай, як адукацыя? Рынкі не заўсёды надзейныя нават у строга тэхнічным сэнсе слова, як мы ўсё маглі пераканацца на прыкладзе нядаўніх драматычных падзей у банкаўскай сферы. Генры Форд, які праславіўся сваім уменнем рэагаваць на спажывецкі попыт (эканаміст ён, мабыць, больш практычны, чым Мілтан Фрыдман), добра сфармуляваў сутнасць справы, патлумачыўшы, што ніколі не арыентаваўся на спажыўцоў, калі будаваў планы па далейшым развіцці сваёй аўтамабілебудаўнічай справы: “Калі б я спытаў у спажыўцоў, чаго яны хочуць, яны б сказалі – конь хутчэйшы”. Людзі жадаюць таго, што ім ужо знаёма.
Небяспека ў тым, што канструяванне адукацыйнага рынку можа прывесці ўсяго толькі да стварэння бездапаможнага падабенства сістэмы прыватнай адукацыі – якая імкнецца прыцягнуць тых навучэнцаў, што найбольш успрымальныя да фармальнай адукацыі, і адсеяць тых, каго складаней за ўсё вучыць. Гарвардскі выкладчык, палітолаг Майкл Сэндэл, ставіць пытанне рубам: “Ці засталіся яшчэ нейкія маральныя і грамадзянскія каштоўнасці, не ахопленыя рынкам?”
Тэкст падрыхтаваны вядучай эксперткай “Васьмінога”, кандыдаткай гістарычных навук, эксперткай па пытаннях адукацыйнай палітыкі Офіса па адукацыі для новай Беларусі, сябрам Савета Беларускай Асацыяцыі адукацыі і навукі, кансультанткай праекта Belarus Beehive і праграмы “Беларуская адукацыя на шляху змяненняў” Марынай Сакаловай