Настаўнікі і адукатары вучыліся прасоўваць уласныя анлайн-курсы
“Васьміног” правёў навучанне педагогаў і работнікаў адукацыйнай сферы па прасоўванні анлайн-курсаў.
Падчас вебінара ўдзельнікі сустрэчы пачулі адказы на наступныя пытанні:
Як уладкаваны сучасны анлайн-маркетынг?
Якія бываюць адукацыйныя прадукты? Чаму важная прывабная ўпакоўка курсаў?
Як выбраць правільныя каналы для прасоўвання сваёй працы? Як вызначыць эфектыўнасць абранай стратэгіі?
Лектарка, продакт-менеджарка італьянскай кампаніі Яна Андржэеўская, распавяла слухачам пра асновы маркетынга адукацыйных прадуктаў і падзялілася сваім бачаннем таго, як пісьменнае пазіцыянаванне на рынку адукацыйных паслуг можа пасадзейнічаць манетызацыі працы.
У пачатку лекцыі ментарка падкрэсліла, наколькі важна разумець спецыфіку сваёй мэтавай аўдыторыі. “На ўзроўні стварэння кантэнту трэба думаць пра сваю мэтавую аўдыторыю, таму што ўсё вельмі адрозніваецца: вучыце вы дзіцёнка ці дарослага чалавека. Некаторыя не працуюць з дарослымі, а хтосьці працуе выключна з дзецьмі, бо на метадычным узроўні гэта розныя прадукты. На ўзроўні маркетынга трэба думаць пра тое, як “упакаваць” прадукт, якую праблему хочам рашыць. Напрыклад, калі мы зрабілі прадукт для школьнікаў метадычна, то бок хочам, каб ён быў даступны для дзяцей школьнага ўзроста, то мы ўсё роўна павінны разумець, што гэтыя людзі не прымаюць самастойнае рашэнне па пакупцы. Гэта робяць іх бацькі. Адпаведна, уся “ўпакоўка” павінна быць накіравана для бацькоў гэтых дзяцей”, – зазначыла Яна Андржэеўская.
Таксама лектар абазначыла, што вельмі важным аспектам працы па прасоўванні ўласных адукацыйных курсаў ёсць правільны выбар аптымальнага канала камунікацыі.
“Каналы прасоўвання сільна залежаць ад фармату прадукта. Але не трэба паддавацца масаваму інстынкту. Калі ўсе пайшлі ў ЦікТок, то не трэба туды таксама бегчы. Тым больш, калі вам не падабаецца гэтая пляцоўка. Калі вам падабаецца пісаць лонгрыды ў Фэйсбук, чым здымаць 30-секундныя відэа ў ЦікТок, рабіце гэта. Усе каналы працуюць, пакупнікі ёсць паўсюль. У любой сацсетцы ёсць інструменты для продажу, не варта бегчы за навамоднымі павевамі…”, – падзялілася сваім бачаннем лектар.
Для ўдзельнікаў навучання прадугледжаныя 4 групавыя кансультацыі ад продакт-менеджара італьянскай кампаніі WeSchool Яны Андржэеўскай. Дадзеная кампанія стварае адукацыйныя прадукты на еўрапейскім рынку, а таксама развівае ўласную платформу для кіравання навучаннем (LMS).