“Васьміног” абвяшчае набор школьнікаў на бясплатныя анлайн-курсы!
Як навучыцца захапляльна чытаць складаныя творы са школьнай праграмы? Чаму 1920-я ў гісторыі беларускага мастацтва – гэта “эпоха небяспечнага натхнення”? Як зрабіць першыя крокі ў вывучэнні беларускай мовы? Таямніцы гісторыі беларускага Сярэднявечча і курс “Філасофія для падлеткаў”… Як 9-класнікам падрыхтавацца да новага іспыту “Пераказ”? “Васьміног” дае магчымасць беларускім дзецям атрымаць якасныя і бясплатныя веды.
Абвяшчаецца набор школьнікаў на анлайн-курсы па гуманітарных дысцыплінах. Заняткі будуць праводзіць настаўнікі, якія прайшлі навучанне па інавацыйных метадах інтэрнэт-педагогікі.
➡️ Для каго? Беларускія школьнікі з дыяспар і Беларусі
➡️ Што? Бясплатныя анлайн-курсы па гуманітарных дысцыплінах
➡️ Калі? У снежні 2023 года
Увага! Каб патрапіць у навучальныя класы, патрэбна звязацца непасрэдна з настаўнікамі (пры наяўнасці кантакту) альбо з каардынатарам анлайн-школы праз скрыню: [email protected]. Уся дадатковая інфармацыя – ніжэй.
1. Вучымся чытаць эпас. “Знак бяды” Васіля Быкава
Колькі складаных пытанняў узнікае ў чалавека, ад якога патрабуюць прачытаць “Знак бяды”! Што, зноў чытаць пра вайну? А чаму так шмат? Навошта мне глуміць свой каштоўны час? Якая мне карысць з чарговай гутаркі пра колішнюю бяду? Паспрабуем разам адказаць на гэтыя і на іншыя важныя пытанні, а таксама – атрымаць інструменты карыснага і захапляльнага чытання вялікіх эпічных твораў.
Сінхронны курс: 8 заняткаў (раз на тыдзень). Аўторак, 20:00. Пачатак: 05.12.2023.
Курс разлічаны на школьнікаў 10-11-х класаў.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
2. Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х гадоў
Харызматычны выбух талентаў і нараджэнне касмічных сістэм, рэвалюцыя светапогляду і будаўніцтва новых сусветаў, людзі будучыні і песняры часу – самы натхняльны і самы драматычны перыяд у жыцці беларускага мастацтва раскрыецца перад намі ўва ўсёй сваёй аб’ёмнай разнастайнасці. Гарады і мястэчкі, што нараджалі геніяў, геніі, якія нараджалі гарады і мястэчкі для гісторыі – даведаемся пра гэта разам.
Сінхронны курс: 5 заняткаў. Аўторак, 17:00. Пачатак: 05.12.2023.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
3.“Чароўны свет зімы”
Гэта вясёлы і карысны курс беларускай мовы, на якім можна пазнаёміцца з назвамі беларускіх месяцаў і іх паходжаннем, пагуляць у зімовыя гульні, адсвяткаваць Новы год і Каляды, прачытаць марозныя вершы, вывучыць назвы вопраткі, паслухаць казку пра лагоднага Ваўка і маленькага Баранчыка і паразважаць пра дабрыню і цуды. Курс разлічаны на 8 заняткаў. Апранайцеся цёпла і далучайцеся да нас!
Пачатак курса: 09.12.2023.
Курс прызначаны для дзяцей-мультылінгваў, якія жывуць па-за межамі Беларусі і жадаюць пачаць вывучаць беларускую мову.
Звяртайцеся да настаўніка праз Telegram (@Lihtarykk) або пішыце на скрыню [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
4. Курс сцэнічнага маўлення і тэатру для маленькіх “ГаварыКа”
На курсе ты адчуеш магічны свет сапраўднага тэатру, даведаешся, што такое драматургія і як ствараць цікавых персанажаў; засвоіш мастацтва прыгожага маўлення ў маналогах і дыялогах; пазнаёмішся з сакрэтамі ажыўлення сцэнічных дзеянняў.
Запрашаем вучняў 2-5 класаў на віртуальную Калядную прыгоду з Казой і Мядзведзем!
Сінхронны курс: 8 заняткаў (раз на тыдзень, у нядзелю а 19.00 па беларускім часе). Пачатак курса: 3.12.2023.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
5. “Беларуская мова – родная мова”
Вітаю, шаноўныя бацькі і дзеці! Запрашаю далучыцца да ўступнага курса па беларускай мове для дзетак 6-7 год. Разам мы даведаемся, дзе жыве мова, а таксама пачнём ствараць свае кнігі Роднай мовы.
Вас чакаюць 5 заняткаў анлайн: 7, 12, 14, 19 і 21 снежня 2023 года. Час вызначым разам з групай. Звяртайцеся да настаўніка праз Telegram (@Yulia_Bik) або пішыце на скрыню [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
6. Курс “Беларусь праз стагоддзі”. Гісторыя беларускага Сярэднявечча
Адкуль нашыя продкі? Чые мы нашчадкі? Чаму наша Беларусь – гэта каштоўная пярліна ўсёй старажытнай Еўропы? Гэтае і шмат іншых пытанняў мы разбяром разам у межах нашага навучальнага курса.
– Дадзены курс створаны для дзяцей ад 13 да 16 год.
– Усяго анлайн-заняткаў будзе пяць: 8, 13, 15, 20, 22 снежня (далей курс будзе асінхронным).
– Рэгістрацыя доўжыцца па 6 снежня. Звяртайцеся да настаўніка праз Telegram (@jannzygmantovich) або пішыце на скрыню [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
7. Запрашаем на курс “Філасофія для падлеткаў”!
На курсе мы паспрабуем разабрацца з тым, што ў пэўны момант пачынае хваляваць кожнага чалавека. Што такое свабода? Хто я такі? Адкуль мы ўвогуле штосьці ведаем? У чым сэнс чалавечага жыцця і хто такі чалавек? У серыі з дзесяці заняткаў мы паступова пройдземся па асноўных тэмах, якія займалі філосафаў ва ўсе часы. Дыскутуючы, абмяркоўваючы тэксты і малюючы свае ўласныя коміксы мы атрымаем досвед сапраўднага мыслення. Курс пачынаецца 5-га снежня і працягнецца дзесяць заняткаў (два разы на тыдзень).
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
8. Наперадзе новы іспыт “Пераказ”, а ты не ведаеш, як з ім быць? Толькі для 9-класнікаў! (або ўсё пра экзаменацыйны пераказ)
Давай падыдзем да яго поруч! Наш маршрут палягае праз тэксты, а дарожная мапа ўжо ў кішэні: спадарыні Стылістыка, Лексіка, Пунктуацыя, Арфаграфія і Граматыка ўжо гатовы вывесці цябе на той шлях, адкуль ты без хвалявання і з упэўненасцю адправішся на іспыт па роднай мове) Мы хутка адпраўляемся, далучайся да бліц-хайкінгу па экзаменацыйных тэкстах! Звяртайцеся да настаўніка праз Telegram (@parasonka) або пішыце на скрыню [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
Фармат курса: анлайн.
Даты заняткаў: 8,10,13,16,20 снежня 2023 года.
9. “Жанчыны ў гісторыі Беларусі” – навучальны курс, які раскажа пра жаночыя постаці ў гісторыі Беларусі, іх ролю ў станаўленні і развіцці краіны, а таксама прапануе ўдзельнікам стварыць творчы праект на тэму “Жанчыны майго роду”. Старт: 23.12.2023.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
10. “Гісторыя тваёй краіны – Беларусь для маленькіх”.
Якія рэкі і азёры напаўняюць сілай нашую краіну? Якія гарады былі па чарзе нашай сталіцай і чаму? Што такое курган і хто такі Ярыла? Займальныя інтэрактыўныя сустрэчы з гісторыкам для дзяцей 8-12 год. 6 заняткаў. Час сустрэчаў будзе абраны разам з бацькамі. Старт 11 снежня.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).
11. “Вучымся чытаць” – курс для беларускамоўных дзетак, якія хочуць навучыцца чытаць. Мы разам выправімся ў падарожжа ў краіну беларускага слова, літарка за літаркай мы пройдзем шлях ад першых складоў да маленькіх кніжачак. Курс складаецца з 5 заняткаў. Старт 5 снежня.
Каб патрапіць у анлайн-клас, пішыце на скрыню: [email protected] (з пазначэннем назвы курсу).