Арт-летнікі з Купалінкай

Дзённыя летнікі для дзяцей з тэатральнай студыяй “Купалінка”.

Мэтай арганізатараў было забяспечыць дзецям беларускай дыяспары ў Варшаве і ваколіцы якасны дзённы летнік у Варшаве,
прысвечаны асновам беларускай культуры. Задача летніку – укараніць у беларускіх дзецях разуменне нацыянальнай прыналежнасці праз займальна-пазнавальныя заняткі на глебе народнай і сучаснай культуры, узмацніць сувязі паміж дзецьмі і паміж дарослымі ў дыяспары, працаўладкаваць па спецыяльнасці мінімум 3 беларускіх настаўнікаў, пацярпелых ад рэпрэсій і каля 10 творцаў, даць ім магчымасць выкладання ў межах лагера асноўных краязнаўчых і культурных дысцыплін

У трох  турах летніка ўзялі ўдзел у суме больш за 55 дзяцей ад 6 да 16 год.

Дзеці пад апекай артыстаў (у тым – Купалаўцаў) вучыліся спяваць, танчыць, ствараць выцінанкі, маляваць і разумець арнамент, нават стваралі ўласнаруч “слуцкія паясы”, самастойна пісалі сцэнары, рабілі традыцыйныя лялькі, вывучалі таямніцы сцэнічнага руху, батлейкі і тэатру ценяў. Штодзённым рытуалам на летніках былі супольная творчая размінка, кола моцы, спеў, а напрыканцы дня – супольнае падсумаванне і развітанне дня.

Апрача майстар-класаў, дзеці пад апекай выхаваўцаў і педагогаў мелі экскурсіі па Варшаве, наведвалі музеі, паркі і кіно. Наведванні музею і экскурсіі таксама праходзілі з удзелам артыстаў, якія распавядалі дзецям важныя інфармацыі і вучылі іх успрымаць мастацтва і гістарычныя факты на прыкладах музейных экспанатаў і гарадзкіх рэалій і артэфактаў.

У выніку дзеці вывучылі некалькі песень і вершаў, старадаўніх традыцый і гульняў, кожны з іх змайстраваў традыцыйную ляльку, на падставе народных казак і гістарычных аповедаў яны рыхтавалі сцэнары і сцэнкі да фінальных выступаў перад бацькамі, а на музычных занятках – паўтавартасныя выступы і канцэрты. Да набытых навыкаў і кампетэнцый можна аднесьці як вузка тэхнічныя – паляпшэнне майстэрства танца, навыкі правільнага дыханьня, падставы белага і класічнага спеву, сцэнічнага руху, дыкцыі – гэтак і праца з эмоцыямі і соцыюмам: уменне працаваць у камандзе, у пары, уменне называць, вызначаць, апісваць і паказваць эмоцыю, адчуваць і разумець уласныя пачуцці і спрабаваць кантраляваць іх.

Таксама стваральнікі летніка склалі Дапаможнік для тых, хто захоча правесці ўласны дзённы летнік. Спампаваць Дапаможнік можна па спасылцы.