“Каб мы не сталі закладнікамі хаосу ў час перамен”: у рамках праекта “Васьміног” прайшло пасяджэнне канцэптуальнай лабараторыі
Анлайн-сустрэча ладзілася для абмеркавання і аналізу прапановаў для інтэграцыі эфектыўных ідэй у канцэпцыю рэформы. Выступы спікераў былі засяроджаныя на аналізе мадэляў, структуры і тыпаў адносін у сістэме адукацыі.
Кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін акцэнтаваў увагу на шэрагу праблем, звязаных з дамінаваннем дзяржавы ў сферы адукацыі. Даследчык прапанаваў пераасэнсаваць традыцыйную сацыял-дэмакратычную мадэль адукацыі, спалучыўшы яе з некаторымі падыходамі, уласцівымі ліберальнай мадэлі: “Інерцыя будзе непазбежнай пры пачатку рэформ у Беларусі, паколькі адзіным манапалістам, гульцом у сістэме адукацыі, з’яўляецца дзяржава. Сіла інерцыі вялікая. Гэта мы ведаем з вывучэння досведу ў іншых краінах. Калі ў нас ёсць манапаліст у выглядзе дзяржавы, наколькі гэта будзе садзейнічаць фармаванню плюралістычнай сістэмы адукацыі, звязанай з выбарам адукацыі? Наколькі гэта будзе садзейнічаць фармаванню аўтаноміі інстытутаў, калі дзяржава будзе моцнай і будзе прэтэндаваць на кіруючую функцыю?.. У гэтым сэнсе сацыяльна-дэмакратычная мадэль павінна быць пераасэнсавана, павінна быць абмежаванай. Ліберальная мадэль задае новы фармат гульні дзяржавы як ключавога суб’екта. Адказнасць дзяржавы не азначае татальнага кантролю над усімі сектарамі адукацыі… Адным з ключавых момантаў з’яўляецца развіццё прыватнай адукацыі, прычым на ўсіх узроўнях. І гэта павінна быць звязана з канкурэнцыяй.”
Андрэй Лаўрухін зазначыў, што ў рамках сістэмы адукацыі цяперашняй Беларусі панятак роўных магчымасцей мае спецыфічнае значэнне: “Сацыяльная справядлівасць у разуменні цяперашніх уладаў – гэта ўраўнілаўка, якая не прадугледжвае канкурэнцыі як такой, якая выключае прынцып мерытакратыі. Я быў сведкам шматлікіх размоваў, што Беларусі не патрэбныя элітныя ўніверсітэты, свае іерархіі, якія вылучаюць лепшых. Насамрэч сацыяльная справядлівасць – гэта не ўраўнілаўка, а вызначэнне збалансаванай сістэмы, якая дазваляе разумець справядлівасць не ў прымітыўным, неасавецкім значэнні…”
Паводле Андрэя Лаўрухіна, пры ажыццяўленні рэформы неабходна адысці ад практыкі палітыка-адміністрацыйнага прымусу, навязвання волі супольнасцям зверху, хоць некаторыя дзеянні трэба будзе прымаць імгненна і без ваганняў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра дэсаветызацыю, спыненне рэпрэсій у дачыненні да педагогаў і ліквідацыю вертыкальнай мадэлі кіравання. З іншага боку, ідзе гаворка пра фармаванне новых патэрнаў у настаўнікаў, усё павінна адбывацца ў рэжыме дэмакратычным, звязаным з працэсам удзелу ўсіх у працэсе рэформы.
“Каб мы не аказаліся закладнікамі хаосу ў час перамен, калі многа можа адбывацца некантраляваным чынам і часу на канцэптуальныя асэнсаванні не будзе, усё павінна быць максімальна адкрытым, дэлібератыўным і прыцягненнем шырокага кола стэйкхолдараў і грамадскага сектару”, – падсумаваў свой выступ Андрэй Лаўрухін.
Магістр педагогікі ўніверсітэта Цуг (Швейцарыя), дактарантка ўніверсітэта Фехта (Германія) Кацярына Спосаб звяртае ўвагу на тое, што большасці беларускага насельніцтва на дадзены момант цяжка ўявіць сабе змяншэнне ролі дзяржавы ў адукацыі: “Калі мы будзем гаварыць канкрэтна, якую хочам бачыць школу будучыні, мы будзем абапірацца на свой вопыт, на вядомыя нам практыкі. Цяпер у нашых фрагментаваных адукацыйных супольнасцях беларускіх (за мяжой) фармуецца вопыт пазашкольных адукацыйных экасістэм. Гэта дае магчымасці паралельнай адукацыі. Нам вельмі важна збіраць і аналізаваць вопыт, каб прымяніць яго, калі будуць умовы ў Беларусі.
Нягледзячы на негатыўны фон, які мы назіраем у Беларусі, усё ж у мінулым быў досыць паспяховы вопыт дзяржаўна-грамадскага партнёрства. Ды і самі людзі, на думку Кацярыны Спосаб, збольшага гатовыя прымаць і ўвасабляць прагрэсіўны вопыт. “Нам падаецца, што часта занадта чорнымі фарбамі абмалёўваюць сітуацыю ў Беларусі. Але мой вопыт кантактаў з прадстаўнікамі педагагічнай супольнасці, якая ўнутры краіны, гаворыць тое, што там дагэтуль ёсць з кім працаваць. Мы знаходзімся ў іншых умовах, чым гэта было ў савецкія (сталінскія) часы, таму што тыя настаўнікі, якія ў школах, пацвярджаюць, што ёсць ціск, але яны не прымаюць бок кіраўніцтва. Дзеці таксама ўсё разумеюць.”
Кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што “рэформа робіцца на ўзроўні інфраструктурных працэсаў: упраўленне, функцыянаванне, развіццё, творчасць.” Менавіта праектныя і праграмныя прапановы аб камбінацыі гэтых працэсаў і працэсаў адукацыі, навучання, падрыхтоўкі, выхавання і пісьменнасці, на думку эксперткі, у момант Х будуць вызначальнымі. І пытанне рэформы – у тым, якім зместам яны напаўняюцца і ў якіх рамках робяцца. На сённяшні дзень важным у мадэляванні з’яўляецца ўсталяванне рамак, звязаных з гуманітарызацыяй, правамі чалавека пры захаванні нацыянальнага вектару.
Таксама Святлана Мацкевіч прапанавала наступную тыпалогію мадэлей адукацыі: сацыяльная, рынкавая, індывідуальная, тэхналагічная, “навучанне мысленню ўсіх”, змяшаная мадэлі. Традыцыйна рэфармаванне адукацыі праводзіцца па сацыяльнай мадэлі і вырашаецца дылема паміж сацыяльна-дэмакратычным падыходам ці ліберальным. Але ў сучасным становішчы трэба разглядаць рэфармаванне не толькі ў рамках сацыяльнай мадэлі масавай адукацыі, а больш шырока і праграмна – як пытанне аб камбінаванні гэтага мноства мадэлей у адпаведнасці з наяўнымі рэсурсамі і дзеючымі суб’ектамі. Каб ажыццявіць пераход на сучасную тэхналогію гіпермаркета, а таксама прапанаваць асобе і супольнасцям шырокі спектр паслуг і гарантаваць як мінімальны ўзровень адукацыі, так і максімальна высокі – элітарны. Сыходзячы з гэтай камбінацыі, і будуць вызначацца тыпы і функцыі навучальных устаноў і агульная структура адукацыі ў Беларусі.
Праца лабараторый у межах праекту “Васьміног” працягваецца. Запрашаем экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў будучай мадэлі школьнай адукацыі. Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню: [email protected]