“Як рэфармаваць адукацыю ва ўмовах перамен”. Ключавыя крокі і выклікі ў рэфармаванні адукацыі Беларусі абмеркавалі на канферэнцыі ў Вільні
У Вільні прайшла канферэнцыя “Пераасэнсоўваючы адукацыю: трохгадовы шлях ад аналізу патрэбаў да канцэпцый рэфармавання (2020-2023)”. На мерапрыемстве былі прадстаўленыя асноўныя мэты і прамежкавыя вынікі праграмы “Беларуская адукацыя на шляху перамен”.
З 2020 года дадзеная праграма рэалізуюцца пры падтрымцы трох ключавых праектаў Еўрапейскага Саюза: “Беларуская адукацыя на шляху зменаў”, Belarus Beehive і “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”. Праца вядзецца ў напрамках дыялогу, узаемадзеяння, каардынацыі, адвакацыі, аналітыкі і развіцця патэнцыялу. Важнымі аспектамі праграмы з’яўляецца падрыхтоўка рамачных дакументаў, аналіз патрэбаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне экспертнай сеткі і стварэнне аналітычнага цэнтра.
На канферэнцыі абмяркоўваліся аналітычныя дакументы, падрыхтаваныя ў рамках праграмы. Рамачныя – дарожная карта падрыхтоўкі да рэформы, распрацоўка стратэгіі навучання на працягу ўсяго жыцця, пытанні лічбавай кампетэнтнасці, стварэнне інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя і аналіз структур, звязаных з павышэннем кваліфікацыі педагогаў. А таксама прапановы па стабілізацыі і санацыі сістэмы адукацыі ў перыяд мірнага выхаду з аўтарытарнага рэжыму, уключаючы дэбюракратызацыю, дэідэалагізацыю, забеспячэнне інстытуцыйнай аўтаноміі ў вышэйшай адукацыі і пераадоленне аўтарытарных патэрнаў у школьнай адукацыі.
Прадстаўляючы вынікі працы некалькіх даследчых груп, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін адзначыў унікальнасць моманту, калі аўтары даследаванняў вымушаныя заставацца ў ценю з меркаванняў бяспекі:
“Мы знаходзімся ў вельмі цікавым гістарычным моманце, калі ўзнік феномен “ананімных аўтараў”. Такога жанра я не памятаю нават у савецкія часы. Гэта такая спецыфічная рыса нашага часу. Мы неяк з нямецкім калегам абмяркоўвалі тое, што ў нас многа вядомых даследчыкаў, прычым дастаткова дасведчаных, пішуць свае тэксты ананімна. Такая традыцыя існавала ў Сярэднявеччы. Такое адчуванне, што мы набліжаемся да падобнага перыяду…”

Андрэй Лаўрухін
Андрэй Лаўрухін зрабіў агляд дзейнасці ініцыятываў у галіне рэфармавання адукацыі з 2020 года: “Офіс па адукацыі для Новай Беларусі ў той момант ўзначальвала Вольга Шпарага. У межах дадзенай ініцыятывы рабіліся дакументы, звязаныя з пераходным этапам 50-100-500 дзён. Тады мы зразумелі, што далейшыя крокі па рэфармаванні можна рабіць, калі ў нас з’явіцца канцэптуальнае бачанне. І тады мы адмовіліся ад дарожных карт, бо гэта было несур’ёзна. Мы пайшлі па шляху стварэння дакументаў, на якія існуе запыт з боку стэйкхолдараў…”
Спікер таксама нагадаў пра Базавае даследаванне праекту “Васьміног”, у межах якога былі прааналізаваныя важныя тэндэнцыі ў беларускай адукацыі: “Мы пастараліся прааналізаваць сітуацыю за апошнія тры гады, калі многія праекты былі рэлакаваныя. Многае змянілася ў сістэме адукацыі ўнутры краіны. Напрыклад, адбылася поўнае знішчэнне прыватнага сектара. Калі ў 2020 годзе было каля 30 прыватных школ, то ў 2023 засталася 1 (6 паводле іншых падлікаў).”
Аляксей Канстанцінаў, кіраўнік адукацыйнага праекту “Васьміног”, канстатаваў негатыўныя сімптомы ў спецыяльнай адукацыі Беларусі, якая, на ягонае меркаванне, на дадзены момант зрабіла істотны адкат, калі параўноўваць сітуацыю нават з тым, што было ў канцы 1990-х гадоў.

Кіраўнік праекта “Васьміног” Аляксей Канстанцінаў
“Беларусь да пачатку 2000-х гадоў выглядала някепска на фоне іншых постсавецкіх краін. Але пазней, можна сказаць, з дапамогай у тым ліку некаторых міжнародных арганізацый, чыноўнікі з Міністэрства адукацыі зразумелі, што можна абысціся прыгожымі словамі пра інклюзію. І далей усё ішло ў рэчышчы імітацыі. Паводле нашага меркавання, інклюзія – гэта не размова пра дзяцей з дадатковымі патрэбамі. Інклюзія – гэта прававая рамка. Вельмі важна, каб яна была ўнесеная ў корпус тэкстаў і стала прававой асновай”, – заўважыў Аляксей Канстанцінаў.
Вядучая экспертка праекту “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Марына Сакалова распавяла пра змест некалькіх дакументаў, распрацаваных у межах праграмы “Беларуская адукацыя на шляху зменаў”, у тым ліку “Сучасныя тэндэнцыі ў распрацоўцы стратэгій адукацыі на працягу ўсяго жыцця: агляд і агульныя прынцыпы” (Самвэл Карабекян, 2023) і “Лічбавая кампетэнтнасць у новай Беларусі. Пытанні для абмеркавання (Марына Сакалова, 2021)”.
Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч у дакладзе “Кіраванне адукацыяй. Дарожныя карты” падзялілася думкамі пра даследаванне ў сферы кіравання адукацыяй, якое пачало ажыццяўляцца яшчэ ў 2021 годзе: “Вынікі экспертнага апытання “Дэльфі” паказалі, што ў 2021 годзе была зафіксавана негатовасць актараў да рэформы адукацыі. Былі вызначаныя два суб’екты, якія разумеюць, што адукацыя мусіць мяняцца: само Міністэрства адукацыі (пры гэтым Міністэрства робіць выгляд, што рабіць гэтага не будзе) і незалежная экспертная супольнасць (зразумелі, што спадзявацца на Мінадукацыі не трэба). На сёння фактычна маем дзве сістэмы адукацыі: унутры краіны (афіцыйная) і звонку (тое, што ствараецца высілкамі эміграцыі). Гэтыя дзве сістэмы жывуць у розных асяроддзях. Ніводная еўрапейская краіна не праходзіла праз такую сітуацыю, калі сістэма адукацыі была раздзеленая на дзве часткі, прычым кардынальна розныя сістэмы. Адпаведна, вопыт еўрапейскіх краін у плане вырашэння нестандартнай беларускай сітуацыі паказвае, што нам трэба шукаць рашэнні самастойна. Мы фактычна ў 2023 годзе знаходзімся ў сітуацыі пераасэнсавання, разумення таго, што павінна быць у аснове калектыўнага руху з прэтэнзіяй на кіраванне рэформай адукацыі…”

Святлана Мацкевіч
У другі дзень канферэнцыі Камісія па адукацыі, навуцы і грамадскай думцы Каардынацыйнай рады Беларусі прапанавала для абмеркавання Мемарандум “Аб’ядноўваючы намаганні для падрыхтоўкі рэформы адукацыі”, падрыхтаваны сумесна з Беларускай Асацыяцыяй адукацыі і навук. Мемарандум падкрэслівае неабходнасць шырокага дыялогу ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу і прапануе ключавыя захады ў рэфармаванні адукацыйнай сістэмы.
У абмеркаванні Мемарандума прынялі ўдзел прадстаўнікі найбольш заўважных экспертных і аналітычных арганізацый Беларусі, якія займаюцца пытаннямі рэфармавання адукацыі.
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі: кандыдат філасофскіх навук, дарадца прадстаўніцы АПК па культуры і нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, каардынатарка праграмы павышэння патэнцыялу Belarus Beehive, кансультантка ў арганізацыйным развіцці і фандрэйзе, менеджар праграм міжнароднай арганізацыі “ЕўраБеларусь” Таццяна Пашавалава, вядучая экспертка “Васьмінога”, кандыдатка гістарычных навук, экспертка па пытаннях адукацыйнай палітыкі Офіса па адукацыі для новай Беларусі Марына Сакалова, эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацый, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін, экспертка ў галіне адукацыі, кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч, член міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава, магістр педагогікі ўніверсітэта Цуг (Швейцарыя), дактарантка ўніверсітэта Фехта (Германія) Кацярына Спосаб, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова, старшыня Камісіі па адукацыі і навуцы Каардынацыйнай рады Беларусі, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч і іншыя вядомыя эксперты.
Прадстаўнікі Камісіі паведамілі, што ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены план арганізацыі абмеркавання прынцыпаў дзеяння, прапанаваных у Мемарандуме. Яны спадзяюцца, што абмеркаванне, а затым і падпісанне Мемарандума, стануць інструментам для прыцягнення ўвагі да важных пытанняў адукацыйнай палітыкі, мабілізацыі грамадскай думкі, а таксама скіруе зацікаўленыя бакі на згоду і супрацоўніцтва.
Удзельнікі канферэнцыі падкрэслілі, што перад беларускімі адукатарамі сёння стаяць ваажныя задачы і выказалі перакананасць у наяўнасці неабходнага інтэлектуальнага, матывацыйнага, чалавечага і арганізацыйнага патэнцыялу для паспяховага іх выканання.
Па выніках канферэнцыі быў вызначаны шэраг выклікаў, што неабходна будзе ўлічваць пры далейшай працы: эфектыўная каардынацыя і камунікацыя паміж арганізацыямі, падтрыманне матывацыі зацікаўленых бакоў, пераадоленне абмежаванняў доступу да інфармацыі і камунікацыі, адаптацыя праграмы да зменлівых умоў і забеспячэнне яе доўгатэрміновай устойлівасці.