Беларуская школа ў Варшаве з філіяламі ў гарадах Польшчы
Беларуская школа ў Варшаве (БШВ) пачала сваю дзейнасць з верасня 2022 года як адукацыйная афлайн- і анлайн-прастора для дзяцей, якія часова апынуліся ў Польшчы і іншых краінах свету пасля гуманітарнага крызісу ў Беларусі.
У 2023-2024 навучальным годзе пры падтрымцы Васьмінога БШВ маштабавалася на іншыя гарады Польшчы і адкрыла філіялы ў Беластоку, Гданьску і Кракаве.
Захоўваецца і анлайн-філіял, дзе навучаюцца дзеці з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Албаніі, Англіі, Балгарыі, Беларусі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ірана, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Канады, Кіпра, Латвіі, Літвы, Малдовы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швецыі, Японіі. Таксама фармуюцца філіі ў Грузіі (Батумі і Тбілісі) і Літве (Вільня).
БШВ прапаноўвае дадатковую адукацыю па прадметах беларускага кампанента (па роднай мове і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі). Таксама па запыту бацькоў і дзяцей праводзяцца кансультацыі па матэматыцы, эмацыйным інтэлекце, анімацыі і інш. Арганізоўваюцца святы і творчыя майстэрні.
Наша каманда мае веру, што дзякуючы заняткам, дзеці будуць захоўваць сувязь з Беларуссю, а таксама бясстратна ў ведах змогуць вярнуцца на вольную Радзіму.
Няхай каласіцца ніва беларускасці па ўсім свеце!