“Рэформа – гэта тое, як мы думаем адукацыю”. Беларускія эксперты пачынаюць дыскусію аб рэформе адукацыі
Праект “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” ініцыяваў серыю семінараў, на якіх адукатары, педагогі і выкладчыкі абмяркоўваюць адукацыйную палітыку і працэсы, звязаныя з падрыхтоўкай да рэфармавання сістэмы адукацыі ў Беларусі. Стартавая сустрэча прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці і экспертаў праходзіла ў гібрыдным фармаце: у Вільні і Варшаве былі арганізаваныя афлайн-сустрэчы, частка ўдзельнікаў семінара далучылася да падзеі праз анлайн-сувязь.
“Неабходнасць рэформы сістэмы адукацыі ў Беларусі ўсведамляецца, даўно і інтэнсіўна абмяркоўваецца. Эксперты прапануюць рашэнні па рэфармаванні сістэмы адукацыі, заснаваных на розных бачаннях таго, як рыхтавацца да перамен. Пры гэтым часта дыскусіі зводзяцца да прыватных аспектаў. Таму для вызначэння ключавых напрамкаў рэформы важна арганізаваць перамовы-дыскусіі, у якіх публічна фіксуюцца падыходы, мэты і задачы, дасягненні і памкненні, вопыт і матывацыя дзеянняў розных стэйкхолдараў”, – зазначаюць арганізатары сустрэчы.
Уводзінамі ў серыю семінараў стаў даклад эксперткі “Васьмінога”, кандыдаткі педагагічных навук Святланы Мацкевіч “Канцэпцыі і падыходы ў беларускай адукацыі”.
Характарызуючы сітуацыю ў адукацыйнай сферы ў 2020-2023 гг., Святлана Мацкевіч звяртае ўвагу на змену адносін паміж “дзяржавай” і незалежнымі экспертамі: пераход ад рэкамендацый, інфармавання і кансультацый з боку апошніх да адкрытага супрацьстаяння.
Гэтае супрацьстаянне носіць сістэмны характар і выяўляецца на этычным, культурным, ідэалагічным і арганізацыйным узроўнях, спараджаючы сутыкненні ў сферы палітыкі (вайна-мір, дыктатура – дэмакратыя, паглынанне – незалежнасць, права – бяспраўе і г.д.), культуры (дзве розныя сістэмы каштоўнасцяў, этыкі, мыслення, пытанне мовы,“восевы”час), тэхналогій і кіравання (штучны інтэлект супраць архаікі; сусветны падзел працы супраць лакальна-рэгіянальнага; аўтарытарнае (вертыкальнае) кіраванне супраць сеткавага ўзаемадзеяння і самаарганізацыі і г.д.), эканомікі , структуры соцыума ў цэлым.
Супрацьстаянне выяўляецца таксама ў саперніцтве і канфлікце паміж афіцыйнай, фармальнай сістэмай адукацыі і нефармальным навучаннем. Сутнасць яго, на думку эксперта, раскрываецца як змена:
- дактрыны/падыходу/прыярытэтаў: ад ведання да думкі-дзейнаснага і гуманітарнага; ад дзяржавы да грамадзянскай супольнасці, чалавека; ад ідэалогіі да множнасці падыходаў і г.д.;
- камбінацыі адукацыйных працэсаў: ад падрыхтоўкі да выхавання і адукацыі (навучанне мысленню ўсіх);
- этычных сістэм праз канфлікт педагагічных падыходаў;
- суадносіны элітарнасць-масавасць, фармальнае-нефармальнае і г.д.;
- зместу адукацыі, кіравання, мадэляў, структуры, формаў арганізацыі і г.д.
Святлана Мацкевіч лічыць, што ў гэтым кантэксце суб’екты нефармальнай і фармальнай адукацыі (як унутры краіны, так і за яе межамі) павінны быць гатовы ажыццявіць замену дзяржаўнай сістэмы адукацыі, на прынцыпова іншую. Экспертка аптымістычна сцвярджае, што сёння мы маем вельмі добрую гістарычную нагоду і шанец для сваёй прапановы па змене парадыгмы адукацыі.
Але для таго каб ім скарыстацца, неабходна перш за ўсё канцэптуальная праца: абмеркаванне і выпрацоўка ідэі будучай адукацыі і фармату ажыццяўлення пераходу да гэтага бачання. Менавіта так Святлана трактуе сутнасць канцэпцыі рэформы. У канцэпцыі таксама павінны ўлічвацца наступныя аспекты:
- адукацыя — гэта функцыя соцыума;
- ідэя чалавека;
- змест адукацыі;
- метады (хто каго вучыць, тэхналогіі, тэхнікі, методыкі);
- мадэль і структура як комплекс, тыпалогія адукацыі.
«Рэформа – гэта тое, як мы думаем адукацыю!», – сцвярджае Святлана.
Рух у гэтым напрамку, на яе думку, блакуюць стэрэатыпныя ўяўленні пра тое, што:
- рэформа робіцца дзяржавай;
- рэформа – гэта змена структуры навучальных устаноў і стандартаў;
- рэформа і адукацыя – гэта тое,чаго хочуць людзі і спажыўцы паслуг.
Андрэй Лаўрухін, старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічнага даследавання (BISS, Літва), эксперт Грамадскага Балонскага Камітэту: “У розных сацыяльных груп ёсць розныя чаканні і разуменні таго, што такое адукацыя. Каб мы правялі нейкае сацыялагічнае даследаванне сярод стэйкхолдараў (бацькоў, педагогаў і г.д.), і зразумелі, што, напрыклад, 30% чакаюць ад школы падрыхтоўку да канкурэнцыі на рынку працы, 20% – тыя, хто чакаюць сацыялізацыю. Дапусцім, яшчэ 2-3 % — гуманітарныя каштоўнасці… Тады б мы разумелі, што маем пэўны сацыяльны запыт. У такім выпадку мы б маглі прасоўваць нашыя рэформы і не апынуцца ў сітуацыі, калі рэформа пойдзе насуперак чаканням масаў. Калі рэформа не будзе адпавядаць інтарэсам, то ўзнікне рынак шэрых адукацыйных паслуг.”
Неабходнасць арыентацыі на чаканні і патрэбы падкрэслівалі і іншыя удзельнікі семінара:
“Пры дэмакратыі, калі мы разглядаем рэформу школы ў кантэксце адукацыйнай палітыкі, наша задача – у тым, каб мы бачылі розныя групы інтарэсаў. Далей гэтыя суполкі павінны сябе ўсвядоміць, артыкуляваць свае інтарэсы. А потым пайшоў бы працэс перамоваў, каб у нацыянальным маштабе быў кансэнсус адносна таго, якую адукацыю павінна забяспечваць дзяржава”.
З гэтымі меркаваннямі не згаджаецца Павел Баркоўскі, філосаф, кандыдат навук: “Калі мы размаўляем пра рэформы, ці мы павінны сыходзіць з нейкага ідэальнага плана “Як мы бачым будучыню адукацыі”, ці адштурхоўвацца ад рэальных чаканняў-патрэб аўдыторыі? Нават калі разважаць у кантэксце бізнес-працэсаў, няма патрэбы ў арыентацыі на чаканні спажыўцоў. Колькі людзей хацелі гадоў 30 карыстацца мабільнай сувяззю? Практычна ніхто. І так працуе ў бізнесе: спачатку прапануецца новая тэхналогія, яна рэкламуецца, людзі бачаць яе перавагі і падцягваюцца пад яе. Ці мы павінны адштурхоўвацца ад таго, што людзі чакаюць ад нас захавання старой сістэмы з мадэрнізацыяй пад масавыя чаканні? Ці, як іншы падыход, мы маем бачанне таго, як павінна выглядаць сучасная еўрапейская адукацыя і да гэтага мы падцягваем грамадскія чаканні? І гэта іншы падыход, які не мусіць нас вяртаць ды старой сістэмы.”
Дарадца Светланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова падкрэслівае: “Наша канцэпцыя павінна мець добра прапісаны нацыянальны профіль. Паколькі мы арыентуемся на еўрапейскую перспектыву для школьнай адукацыі, то мы павінны спалучаць два элементы: еўрапейскі цывілізацыйны вектар і нацыянальную скіраванасць. Пытанне ў сінтэзе двух гэтых элементаў”.
Праца лабараторый “Васьмінога” па рэформе адукацыі ў Беларусі працягнецца. Запрашаем экспертаў і педагогаў, якім цікава далучыцца да абмеркавання будучай мадэлі школьнага адукацыі, звяртацца да арганізатараў па адрасе: [email protected]