“Ад захавання прафесіяналаў – да падрыхтоўкі рэформы”. Васьміног правёў лабараторыю з абмеркаваннем канцэпцый адукацыйных рэформ
У межах праекта “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” працягваецца праца дзвюх груп даследчыкаў па падрыхтоўцы канцэпцый рэформ адукацыі. Каардынатары каманд, кандыдат філасофскіх навук Андрэй Лаўрухін і кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч, падзяліліся прамежкавымі вынікамі работы. У прыватнасці, былі агучаныя два блокі пытанняў, асэнсаванне якіх непазбежнае пры распрацоўцы канцэпцый па рэфармаванні беларускай школы. Гаворка ідзе пра праблемы, якія назапасіліся ў сучаснай сістэме адукацыі Беларусі. Таксама абмяркоўваліся бачанні вобразаў будучай адукацыі, якія будуць дасягнутыя ў выніку рэформы.
Кіраўнік адной з груп даследчыкаў Андрэй Лаўрухін акцэнтуе ўвагу на тым, што рэфармаваная сістэма адукацыі павінна быць інтэграваная ў глабальную і еўрапейскую сістэму, адпавядаць сістэме каардынат развітых краін, суадносіцца з мэтамі ўстойлівага развіцця і стварэння грамадства ведаў.
Згодна бачанню гэтай групы распрацоўшчыкаў канцэпцыі рэформы, будучай сістэме адукацыі павінны быць уласцівыя наступныя рысы:
- інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе, якое садзейнічае фармаванню нацыянальнай ідэнтычнасці;
- дэмакратычнае кіраванне, дзе суб’екты маюць пэўную аўтаномію ў вызначэнні мэтаў і фарматаў асабістых і калектыўных адукацыйных практык;
- найбольш спрыяльныя магчымасці для з’яўлення адукаваных грамадзян, якія маюць шэраг якасцей і кампетэнцыяў, што дазваляюць ім самарэалізоўвацца як творчым асобам, прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства і садзейнічаць паляпшэнню якасці жыцця і ўстойліваму развіццю мясцовых супольнасцей і грамадства ў цэлым;
- адкрытая сістэма, якая дынамічна развіваецца, перманентна ўзбагачаецца рэгіянальным і сусветным досведам, пабудаваная на каштоўнасцях і прынцыпах развітых дэмакратычных краін свету.
Каардынатар другой групы, Святлана Мацкевіч, акрэслівае складаную сітуацыю, у якой апынуліся беларускія адукацыйныя арганізацыі пасля 2020 года: “Змянілася карта суб’ектаў, актараў і стэйкхолдараў адукацыі. Таксама паўсталі як мінімум 3 палітычныя структуры, якія ўздымаюць пытанні адукацыі. Калі ў эміграцыі адукацыйныя ініцыятывы і арганізацыі займаюцца рэлакацыяй і аднаўленнем патэнцыялу, то ў Беларусі назіраецца абвастрэнне ідэалагічнай і рэпрэсіўнай сітуацыі”.
Сыходзячы са складанай унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі, эксперт вызначае наступныя мэты ў адукацыі:
- У Беларусі – захаванне чалавечага рэсурсу, пераключэнне высілкаў ад фармальнай сістэмы да нефармальнай;
- У эміграцыі – падрыхтоўка да “рэформы”: фармаванне суб’ектаў упраўлення, канцэпцыі, праекты рэформ, эксперыментальныя пляцоўкі (“лікбез” + кваліфікацыя +рэфлексіўныя практыкі).
Кацярына Спосаб, магістр педагогікі ўніверсітэта Цуг (Швейцарыя), дактарантка ўніверсітэта Фехта (Германія) абазначыла асноўныя характарыстыкі бягучай сітуацыі, параўноўваючы стан рэчаў у адукацыйнай сістэме Беларусі і адукацыйныя ініцыятывы па-за межамі краіны.
Так, у Беларусі ўзмацняюцца такія тэндэнцыі, як:
- Індактрынацыя зместу школьных праграм;
- Ідэалагізацыя і мілітарызацыя праграм выхавання;
- Забарона альтэрнатыўных форм адукацыі (прыватная і нефармальная);
- Узмацненне парушэння правоў іншых удзельнікаў збоку школьнай адміністрацыі;
- Атмасфера страху і ўзаемнага недаверу ў школах;
- Адсутнасць прасторы для партысіпатыўных і аўтаномных дзеянняў як для індывідуальных, так і для школьных адукацыйных практык.
Супольнасць удзельнікаў адукацыйных працэсаў, па-за межамі Беларусі і ў віртуальнай прасторы, вызначаецца такімі рысамі, як
- Выстройванне гарызантальных стасункаў узаемадапамогі;
- Досвед самастойнай распрацоўкі і прасоўвання адукацыйных прадуктаў;
- Апрабацыя інавацыйных метадаў і фарматаў навучання;
- Досвед узаемадзеяння з замежнымі адукацыйнымі практыкамі і структурамі;
- Магчымасць прасоўвання “скразных каштоўнасцей” у сваіх праграмах.
Прадстаўнік адной з працоўных груп, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч, прадставіў лаканічны аналіз бягучай сітуацыі ў нацыянальна-культурнай сферы. Паводле эксперта, сітуацыю цяжка параўноўваць нават з тым, што мела месца ў 1980-х гадоў у адукацыі БССР.
Аднак, адзначыў ён, усё ж застаюцца пазітыўныя моманты:
- Беларуская мова застаецца мовай супраціву, дэмакратыі і свабоды;
- У асяроддзі дыяспары існуе магчымасць стварэння новага зместу адукацыі;
- Вывучэнне беларускай мовы ў РБ дагэтуль застаецца абавязковым і з дастаткова вялікай колькасцю гадзін;
- Існуе асобны курс беларускай гісторыі і беларусацэнтрычныя курсы сусветнай гісторыі, якія нават у рэдукаванай форме закладаюць падмурак для гістарычнай свядомасці.
Праца лабараторый у межах праекту “Васьміног” працягваецца. Запрашаем экспертаў і прадстаўнікоў педагагічнай супольнасці далучацца да абмеркаванняў будучай мадэлі школьнай адукацыі. Звязацца з арганізатарамі лабараторый для ўдакладнення дэталяў можна праз паштовую скрыню: [email protected]