24 настаўнікі сталі выпускнікамі анлайн-курсаў “Васьмінога”
“Васьміног” падрыхтаваў першы выпуск настаўнікаў, якія засвоілі асновы анлайн-навучання і даведаліся, як стварыць уласныя інавацыйныя курсы для беларускіх школьнікаў. Цягам 2 тыдняў 24 педагогі з Беларусі і замежжа пад кіраўніцтвам дасведчаных метадыстаў вывучалі новыя фарматы лічбавай адукацыі. Усяго на месцы на навучанне прэтэндавалі каля 50 педагогаў.
Паводле выкладчыц інтэнсіву-практыкуму “Шлях героя да стварэння анлайн курса”, яны імкнуліся стварыць атмасферу супрацоўніцтва і талерантнасці, каб кожны з удзельнікаў навучання мог не толькі атрымаць новыя веды, але і падзяліцца ўласным досведам.
“Стварэнне курса – гэта ў пэўным сэнсе закальцаваны працэс, у якім мы імкнёмся зрабіць найлепшае з магчымага альбо дасяжнага ў дадзены момант. Цудоўна, калі ёсць магчымасць суправаджаць настаўнікаў, якія “гараць” прафесіяй, кожны дзень робяць унёсак у будучыню, працуючы з дзецьмі. І нашае навучанне праходзіць настолькі інтэнсіўна, што ў канцы другога тыдня мы са здзіўленнем канстатуем, што праз маленькія крокі, зробленыя разам, ствараецца паўнавартасная структура курсу, якога заўгодна маштабу, фармату ды вымярэння…”, — падзялілася высновамі ад працы з настаўнікам адна з выкладчыц.
Прывядзём некалькі водгукаў пра курсы ад нашых выпускнікоў.
“Дзякуй вялікі ўсім аўтарам курса! Я вельмі хвалявалася наконт таго, ці адбяруць мяне на курс. І мая задума падавалася невыканальнай. Але дзякуючы камандзе куратараў, якая пісьменна дапамагла мне разабрацца з заданнямі, зваротнай сувязі, падтрымцы ўсіх у групе, я змагла зразумець шляхі ўвасаблення ідэі! Было вельмі здорава, што ў кожнага педагога, які задумаў курс па прадмеце, была магчымасць падвучыцца!.. Я веру, што калі сярод нас ёсць такія людзі, то адукацыя не страчаная, нас чакае новы і лепшы этап…”
Надзея, настаўніца матэматыкі
“Анлайн-навучанне — гэта новая рэчаіснасць. Каб зрабіць вучобу якаснай, прадукцыйнай як для вучняў, так і для настаўнікаў, ёсць алгарытм. Але які? Вы зможаце даведацца, калі пройдзеце “шляхам героя”. І, вядома, не забудзеце пра ўласную індывідуальнасць і творчы падыход. ”
Вікторыя, настаўніца матэматыкі
“Гэта быў выдатны курс і выдатны досвед. Я даведалася пра цудоўныя методыкі, інструменты. Было прыемна ўзаемадзейнічаць з куратаркамі і ўдзельнікамі. Адчула падтрымку, што я не адна такая настаўніца-эмігрантка, якая марыць выкладаць беларусам і яшчэ каб па-беларуску). Паверыла, што ў мяне асабіста і ў нас агулам усё атрымаецца. Дзякуй)”
Вольга, настаўніца інфарматыкі
Сачыце за абвесткамі “Васьмінога”. У бліжэйшы час мы пачнём збіраць заяўкі на размяшчэнне курсаў на нашай Платформе. Настаўнікі змогуць падаць заяўку і атрымаць дапамогу ў стварэнні ўласнага курса, у тым ліку метадычную і тэхнічную. У прыярытэце “Васьмінога” наступныя прадметы: Беларуская мова і літаратура, Культура і гісторыя Беларусі, Геаграфія Беларусі і краязнаўства.